Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чалавек, які дапамог «Пагоні» зрабіцца дзяржаўным сымбалем


Сьвяткаваньне Дня Волі ў Менску, 25 сакавіка 2018

Памёр гісторык, акадэмік Міхаіл Касьцюк.

Каб зразумець ролю чалавека ў той ці іншай падзеі, часам трэба ўявіць падзею безь яго.

Без гісторыка Касьцюка Беларусь у 1991-1995 ня мела б бел-чырвона-белага сьцяга і «Пагоні» у якасьці дзяржаўных сымбаляў.

Вярхоўны Савет БССР прыступіў да разгляду ініцыяванага Апазыцыяй БНФ пытаньня пра наданьне гербу Пагоня і бел-чырвона-беламу сьцягу статусу дзяржаўных сымбаляў толькі 19 верасьня 1991 году. Днём раней старшынём Вярхоўнага Савета быў абраны Станіслаў Шушкевіч, і гэта не адбылося лёгка.

Увогуле, за тры тыдні, якія прайшлі пасьля абвяшчэньня незалежнасьці 25 жніўня, сытуацыя ў грамадзтве прыкметна зьмянілася: актыўнасьць людзей зьменшылася, сабраць дзясяткі тысяч на Плошчы ўжо было немагчыма (эканамічная сытуацыя пагаршалася, людзі былі заклапочаныя элемэнтарным выжываньнем, урэшце, многія паехалі ў вёску капаць бульбу). Мы разумелі, што, каб дамагчыся выніку, давядзецца зьмяніць тактыку, замяніць наступ на лагоднасьць: не патрабаваць, а — угаворваць.

Угаворваць тых, хто быў (ды і заставаўся) нашым ідэйным апанэнтам.

Таму мы, дэпутаты БНФ, правялі сярод нашых калег па парлямэнцкім корпусе сапраўдную агітацыйна-інфармацыйную кампанію. У фае Дому ўраду зрабілі выставу пра гістарычныя нацыянальныя сымбалі, у ролі «экскурсаводаў» былі дэпутаты-гісторыкі Зянон Пазьняк, Валянцін Голубеў, Алег Трусаў.

Праводзілі і «кулюарныя перамовы» з тымі, хто быў (ды і заставаўся) нашым ідэйным апанэнтам — былымі сакратарамі абкамаў і райкамаў, генэраламі, дэпутатамі-вэтэранамі. З апошнімі было асабліва няпроста, справа прасоўвалася ў некалькі этапаў (як сказаў адзін вэтэран — «Добра, я згодны, хай на гербе будзе конь. Але каб на шчыце — чырвоная зорка!»).

Для гэтых людзей вельмі важнымі былі аўтарытэты — тым больш калі яны падмацоўваліся высокай пасадай альбо навуковымі званьнямі.

Вось чаму Зянон Пазьняк папрасіў выступіць на сэсіі былога (да Дземянцея) старшыню Прэзыдыюму Вярхоўнага Савета БССР Георгія Таразевіча і прэзыдэнта Акадэміі навук Уладзімера Платонава. Я бачыў рэакцыю дэпутатаў у Авальнай залі і сьведчу, што гэтыя выступы для прыняцьця станоўчага рашэньня былі вызначальнымі.

Але і Таразевіч, і Платонаў спасылаліся на заключэньне Навуковай Рады інстытуту гісторыі з рэкамэндацыяй прыняць гэтыя нацыянальныя сымбалі ў якасьці дзяржаўных (і яшчэ, назваць краіну «Рэспублікай Беларусь», а яе сталіцы вярнуць папярэдні назоў — «Менск»).

Уласна, гэтае заключэньне было на руках кожнага дэпутата яшчэ перад пачаткам паседжаньня, як і выпіска з рашэньня Прэзыдыюму АН БССР, якое пацьвярджала высновы навукоўцаў-гісторыкаў.

Дырэктарам інстытуту гісторыі АН БССР быў у той час Міхаіл Касьцюк.

Так, вядома ж, у справе арганізацыі такога заключэньня пастараліся Зянон Пазьняк і Валянцін Голубеў, якія да дэпутацтва стала працавалі ў інстытуце гісторыі (а Пазьняк, наколькі памятаю, і ў той час заставаўся там на палове стаўкі навуковага супрацоўніка) — але без жаданьня дырэктара ніякага заключэньня не было б.

І, адпаведна — у чым я глыбока перакананы — не было б і рашэньня Вярхоўнага Савета наконт «Пагоні» і бел-чырвона-белага сьцяга, прынятага ўвечары толькі з трэцяга разу — голас у голас (і ў гэтым сэнсе, роля кожнага дэпутата, які галасаваў за Сьцяг і Герб, была вызначальнай).

(Факт, які звычайна не прыгадваюць: пастанова аб наданьні бел-чырвона-беламу сьцягу і гербу «Пагоня» статусу дзяржаўных сымбаляў уступіла ў сілу з моманту прыняцьця (галасаваньня), і такім чынам, яны былі апошнімі дзяржаўнымі сымбалямі БССР — назва «Рэспубліка Беларусь» была нададзеная краіне ў той жа вечар, але крыху пазьней. Ну а цікаўных, чаму Мінск ня стаў Менскам — адсылаю да сваёй кнігі «Дзевяноста першы»).

Прывяду поўны тэкст Заключэньня інстытуту гісторыі, які дэпутаты трымалі ў руках 19 верасьня 1991 году.

«Зыходзячы з таго,

што герб "Пагоня" мае шматвяковую гісторыю і адлюстроўвае сумесную гераічную барацьбу беларускага і літоўскага народаў са сваю незалежнасьць;

што ён у канцы 14 стагодзьдзя стаў сымбалем іх дзяржаўнага саюзу ў форме Вялікага княства Літоўскага;

што ў слаўнай бітве пад Грунвальдам у 1410 г, якая паклала канец нямецкай агрэсіі на ўсход, беларускія палкі выступалі з "Пагоняй" на баявых сьцягах;

што ў 15-16 ст. выява "Пагоня" была на харугвах Берасьцейскага, Віцебскага, Полацкага, Мсьціслаўскага, Менскага, Віленскага, Наваградзкага ваяводзтваў і шэрагу паветаў Беларусі;

што ў гербе "Пагоня" адлюстраваныя нацыянальныя колеры Беларусі — белы і чырвоны;

што герб "Пагоня" і геральдычна зьвязаны зь ім бел-чырвона-белы сьцяг былі ў 1918 г. зацьверджаны Сакратарыятам Беларускай Народнай Рэспублікі ў якасьці дзяржаўных сымбаляў Беларусі;

Што герб і сьцяг, зацьверджаныя ў 1951 г, не адлюстроўваюць шматвяковую гераічную гісторыю і нацыянальныя колеры беларускага народа і сталі сымбалем адміністрацыйнага рэжыму;

што пад сымбалямі "Пагоня" і бел-чырвона-белым сьцягам разьвіваўся і разьвіваецца беларускі адраджэнскі рух,

вучоны савет інстытута гісторыі АН БССР прапануе:

1. Зацьвердзіць у якасьці Дзяржаўных сымбаляў Рэспублікі Беларусь герб з выявай "Пагоні" і бел-чырвона-белы сьцяг.

2. Лічыць мэтазгодным надаць сувэрэннай Беларускай дзяржаве назву: "Рэспубліка Беларусь".

3. Вырашэньне пытаньня аб дзяржаўным гімне Рэспублікі Беларусь даручыць кампэтэнтнай камісіі.

4. Сталіцы Рэспублікі Беларусь вярнуць старажытную гістарычную назву — горад Менск.

Старшыня Вучонага савету М. П. Касьцюк.

Вучоны сакратар савету М. К. Кошалеў».

Магчыма (і нават напэўна) гэтыя радкі гісторык Міхаіл Касьцюк не лічыў сваім навуковым дасягненьнем — але бясспрэчна, што менавіта яны ўпісалі ягонае імя ў Гісторыю.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG