Сьледчы камітэт завяршыў расьсьледаваньне крымінальнай справы супраць 50-гадовага начальніка адной з дыягнастычных станцыяў Менску.
Мужчыну абвінавачваюць паводле частак 1 і 2 арт 430 КК Беларусі, яму пагражае ад 3 да 10 гадоў пазбаўленьня волі.
Паводле сьледзтва, са студзеня 2016 па травень 2018 году мужчына «сыстэматычна атрымоўваў» грашовае ўзнагароджаньне ад уласьнікаў аўто за праходжаньне дзяржаўнага тэхнічнага агляду аўтамабіляў, якія знаходзяцца ў няспраўным стане.
Сумы ўзнагароджаньня складалі ў сярэднім ад 30 да 40 рублёў. Усяго начальнік станцыі дыягностыкі атрымаў 400 рублёў, сьледчыя ўсталявалі 15 эпізодаў «злачыннай дзейнасьці». Паводле СК, мужчына прасіў пералічыць грошы на абанэнцкія нумары апэратараў мабільнай сувязі. Сьледчыя апыталі 38 чалавек, правялі больш 10 вочных ставак.
Аўто, якія прайшлі тэхагляд «незаконным шляхам» прайшлі дыягностыку на іншых станцыях.
На маёмасьць абвінавачанага агульнай сумай больш 7000 рублёў наклалі арышт. З мужчыны ўзялі падпіску аб нявыезьдзе і належных паводзінах.
Справу перадалі пракурору для накіраваньня ў суд.