Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя назвала «чуткамі» словы гаспадара прытулку пра зьбіцьцё ў пастарунку


Аляксей Шчадроў
Аляксей Шчадроў

Супрацоўнікі міліцыі не праводзяць праверкі па меркаваным факце, што гаспадара прытулку для бяздомных у Горадзенскай вобласьці Аляксея Шчадрова зьбілі ў пастарунку.

Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведамілі ў прэс-службе УУС Горадзенскага аблвыканкаму.

Аляксей Шчадроў сказаў Свабодзе, што яго затрымалі міліцыянты Шчучынскага РАУС за крадзеж, якога ён не рабіў. Каб выбіць паказаньні, над ім зьдзекаваліся цэлую ноч, сьцьвярджае Аляксей.

«Калі ён зьвернецца ў органы ўнутраных спраў, што яго зьбілі, то праверка будзе праводзіцца. І калі будзе ўстаноўлены факт неправамерных дзеяньняў, тады можна будзе пра нешта казаць. А казаць пра чуткі, якія распаўсюджвае чалавек, я лічу, няправільна», — сказаў Свабодзе прадстаўнік прэс-службы Ігар Белазёраў.

Афіцыйны прадстаўнік упраўленьня Сьледчага камітэту Беларусі па Горадзенскай вобласьці Сяргей Шаршаневіч таксама сказаў, што ніякіх спраў адносна Аляксея Шчадрова там няма.

Шчадроў сказаў Свабодзе, што скардзіцца ў міліцыю не плянуе:

«Я ім дараваў як хрысьціянін... Прыйдзе час, яны адкажуць за гэта, можа, ня перад дзяржаўным законам, але на Божым судзе».

Шчадроў апякуецца бяздомнымі больш за сем гадоў

33-гадовы Аляксей Шчадроў заснаваў прытулак у вёсцы Аляксандраўка Шчучынскага раёну сем гадоў таму. Там зьбіраюцца бяздомныя людзі з усёй Беларусі.

Яны могуць памыцца, паесьці, маюць дзе спаць. Узімку падапечных бывае да трыццаці.

Прытулак ня мае рэгістрацыі і афіцыйнага статусу. Існуе на добраахвотныя ахвяраваньні.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG