Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У нас ёсьць толькі сёньня, каб любіць». Як жывуць і паміраюць у доме бяздомных


«Там у канцы вёскі нейкія жывуць», — паказвае рукой хлопец, які працуе ў адным з двароў вёскі Аляксандраўка Шчучынскага раёну на Горадзеншчыне. Дом зь нявызначаным афіцыйна статусам ужо шэсьць гадоў прымае бедных, бяздомных і нікому не патрэбных. Тут можна памыцца, паесьці, вярнуцца да нармальнага жыцьця або памерці, як чалавек.

«Піў, распусьнічаў, усялякае было»

Нас сустракае невысокі мужчына ў сьвежай кашулі з закасанымі рукавамі і вялікім крыжам на грудзях. Ягоная асоба выклікае шмат спрэчак. Ня менш пытаньняў — ранейшы выгляд, у індыйскім сары.

Сам ён кажа, што ў нас ёсьць толькі сёньня для таго, каб любіць. І ўпэўнены, што ягоны дом існуе дзякуючы Божаму провіду.

Аляксей Шчадроў
Аляксей Шчадроў

Аляксею Шчадрову 33 гады. Нарадзіўся ў вёсцы Сакалішча Расонскага раёну Віцебскай вобласьці. Пра сваю маладосьць кажа: піў, распусьнічаў, усялякае было.

Адвучыўся ў Полацку на фэльчара. Працаваў на «хуткай дапамозе». Маючы доступ да лекаў, пачаў імі гандляваць, як наркотыкамі. Адсядзеў за гэта два года. У калёніі паглядзеў фільм пра маці Тэрэзу з Калькуты і захацеў стаць, як яна. Завязаць з былым, служыць іншым людзям і верыць у Бога.

«Калі мы падымаем чалавека, самае галоўнае — ванна»

Аляксей адразу запрашае нас у хатнюю капліцу памаліцца. Ужо потым — размова.

Захапленьне сьвятой з калькуцкіх трушчобаў непрыхаванае. Колькасьць ейных выяў ва ўсім доме, відаць, большая, чым у жаночым кляштары ордэну маці Тэрэзы ў Гомлі. Агулам інтэр’ер дома нагадвае манастыр.

Як гэтая старая ў бела-блакітным адзеньні, ён зьбірае па вуліцах бяздомных, на якіх большасьць махнула рукой.

«Калі мы падымаем чалавека, самае галоўнае, што мы яму даём, — ванна. Некаторыя ня мыліся год-два. Пасьля ўжо яго кормім і даём Эвангельле».

Каб перавезьці чалавека з вуліцы ў прытулак, на сядзеньне машыны засьцілаюць цырату. Улетку яго распранаюць на вуліцы каля дома на гэтай цыраце. Усё пасьля спальваюць. Чалавека мыюць, апрацоўваюць галаву растворам ад пэдыкулёзу. Калі трэба, стрыгуць валасы.

Аляксей успамінае бяздомнага Валеру з Горадні. Гумовыя боты ўрасьлі ў ягоныя ногі так, што той ня мог іх зьняць.

«Гэта быў жах. І мача, і кал, усё было ў гэтых ботах. Мы яго зацягнулі ў ванну, адпарылі. Потым зразалі гэтыя боты. Тры гадзіны спатрэбілася, каб давесьці яго да ладу. А ён паўтараў: „Слава Богу! Я ж хацеў пакончыць з сабой“», — успамінае хлопец.

Некаторыя знаходзяць працу і новае жытло

Такіх, як Валера, было шмат. За шэсьць гадоў каля двухсот чалавек. Некаторыя вярнуліся з вуліцы да агульнапрынятага ладу жыцьця: знайшлі працу, жытло, памірыліся з роднымі, прыйшлі да Бога. Аляксей называе гэты працэс рэабілітацыяй і расказвае гісторыі людзей.

51-гадовая Людміла ў прытулку адчула сябе чалавекам і вырашыла вызваліць свой ложак для таго, каму ён больш патрэбен. Знайшла працу ў абутковай краме, атрымала пакой у інтэрнаце.

49-гадовая Ганна залежала ад алькаголю. Прабыла ў прытулку год. Цяпер жыве ў сястры ў Шчучыне, працуе ў шпіталі санітаркай, кінула піць, ходзіць у касьцёл. Ейная сястра зьдзіўлялася: «Што я ні рабіла, але пакуль яна да вас ня трапіла, не зьмянілася».

61-гадовы Саша не адразу здолеў вярнуцца да ранейшага жыцьця. Уладкаваўся ў краму ў Васілішках, але пасьля першага заробку зноў запіў. Цяпер працуе грузчыкам у Горадні.

Аляксей дапамагае аднавіць пашпарт тым, хто страціў, пажылым людзям — аформіць дакумэнты на пэнсію.

«Які б чалавек ні быў: наркаман, алькаголік, прастытутка, мы яго павінны любіць, бо ў кожным жыве Ісус. Чаму сьвет ня ведае, што мы вучні Хрыста? Бо ў нас няма любові паміж сабой. Балюча, калі ляжыць чалавек, а міма яго ўсе праходзяць».

Чатырнаццаць чалавек тут памерлі

«Чатырнаццаць чалавек у мяне тут памерлі за шэсьць гадоў», — раптам кажа суразмоўца.

Згадвае Андрэевіча з Расеі, які меў траіх дзяцей, але ўсе яго адрынулі. У мужчыны была астма. Аляксей калоў яму ўколы. Калі стан пагоршыўся, паклікаў бацюшку з Астрыны. Той яго паспавядаў, прычасьціў.

«Праз тыдзень заходжу да яго. Кажу: „Андрэевіч, мне б хацелася, каб ты мяне сустракаў у райскай браме з усімі сьвятымі, калі я туды прыйду“. — „Ой, доктар, ты добры чалавек. Я цябе буду там чакаць“, — адказаў Андрэевіч».

А пад ранак прыбег ягоны сусед па пакоі і паведаміў, што дзед памёр.

Узімку на падлозе месьціцца да 30 чалавек

Цяпер тут туляцца ўсяго два чалавекі. На лета большасьць зьяжджае. Самы папулярны сэзон — зіма. Тады адначасова тут можа знаходзіцца 30 чалавек, хоць ложкаў усяго восем, яшчэ два месцы на печы, астатнія шчыльна кладуцца на падлозе.

Івану Пятровічу 63 гады. Раней працаваў на бэтонным заводзе. На вуліцы апынуўся дзесяць гадоў таму, калі разьвяліся з жонкай і тая выпісала яго з кватэры. Тут ён упершыню. Раней спыняўся ў доме начнога знаходжаньня ў Горадні. На лета дом закрылі.

«Дзе хочаш, там і начуй. На вуліцы ўжо надакучыла, на лаўках, на вакзалах. Ледзь-ледзь хаджу», — кажа мужчына.

Ён падымае калашыну штаноў і паказвае перабінтаваныя ногі. Кажа, што на іх раны, зь якіх цячэ, сьвішч. Аляксей штодня іх апрацоўвае і мяняе павязкі.

Іван Пятровіч кажа, што кормяць яго добра, але выпіць не даюць. Сьняданак, абед і вячэра, болей ён не патрабуе. Марыць трапіць у зарэгістраваны прытулак у Каменцы, што недалёка адсюль. Там больш пэўная сытуацыя. Спадзяецца, што Аляксей яму дапаможа.

Станіславу Саўко 57 гадоў. Працаваў на будоўлі. Ён паходзіць зь вёскі з-пад Горадні. Бяздомным стаў таксама каля дзесяці гадоў таму, калі сястра прадала чужым людзям дом, дзе ён жыў. Згубіў пашпарт і хоча аднавіць, каб атрымліваць пэнсію.

Бяздомныя, нават калі атрымліваюць пэнсію, нічога ня плацяць Аляксею за знаходжаньне ў прытулку.

Тут цяпер жыве і родная маці Аляксея. Яна дапамагае гатаваць ежу, даглядае агарод ды гаспадарку. Трымаюць курэй, казу і сабаку Майкла.

Сюды прыяжджаюць з усёй Беларусі. Адкуль даведваюцца? Аляксей паціскае плячыма: відаць, пераказваюць адзін аднаму. Але кажа, што нават у Менску на вуліцах яго пазнаюць.

Як існуе прытулак бяз сталага фінансаваньня?

Як прытулак выжывае цягам амаль сямі гадоў — таямніца нават для гаспадара. Ён называе гэта Божым провідам. Аляксей цяпер ня мае працы, за якую б атрымліваў заробак. У яго няма багатых крэўных, грашовых зьберажэньняў. Прытулак не фінансуецца дзяржавай або царквой.

Нават дом для яго набылі людзі добрай волі. Дакладней, два вясковыя дамы, якія стаяць побач. У адным жывуць бедакі, у другім — гаспадар і валянтэры, якія прыяжджаюць дапамагчы. Адзін дом дапамог купіць фэрмэр з Астрыны, другі — вернікі-пратэстанты.

Той жа фэрмэр ахвяраваў 13 мільёнаў рублёў (яшчэ старымі), за якія ў прытулку паставілі новыя вокны і дзьверы. Праўда, ягоная жонка, калі даведалася пра ахвяраваньні, забараніла іх даваць. Цяпер мужчына просіць зьвяртацца да яго па дапамогу патаемна.

Аднойчы ў 2015 годзе, калі Аляксей зь бяздомнымі маліліся, нехта пералічыў яму на картку 18 мільёнаў рублёў (таксама старымі). Праўда, грошы разышліся цягам трох дзён: набылі бойлер, неабходнае абсталяваньне да яго і ежу.

Зрэшты, ці не палова аповедаў Аляксея пачынаецца са словаў: «Аднойчы, калі мы маліліся».

Так ён расказвае і пра тое, што можна назваць цудам. Так, калі ў прытулку не было чаго есьці, ягоныя выхаванцы пасьля малітвы заўважылі, як па дарозе бяжыць парася. Адкуль яно ўзялося, невядома. Але кажа, што не ад вяскоўцаў.

Падобнае ж здарылася, калі Аляксей аддаў адзін з двух апошніх пакетаў рысу вяскоўцу Антону, які прыйшоў да яго па ежу.

«Я не магу яму адмовіць, бо ён пастукаў у нашы дзьверы, папрасіў ежы. Ён такі самы, як я. Інакш грош цана нашай міласэрнасьці», — тлумачыць мужчына.

У той жа дзень да іх прыехаў госьць і прывёз дзьве торбы з харчамі.

Хлопец упэўнены: трэба аддаваць апошняе, а Бог узнагародзіць нават за малое тысячакроць.

Летась жанчына зь Ліды, якая мае сваю прадуктовую краму, прывезла 100 пачак макароны.

Зрэдку, але падтрымліваюць і жыхары вёскі, хоць самыя небагатыя. Пані Марыся, прыкладам, прапануе набраць у яе колькі трэба бульбы.

У Шчучыне працуе каталічка Мар’яна, якая падказвае, як зрабіць дакумэнты. У выніку дакумэнты атрымалі 13 чалавек з прытулку.

Дапамагаюць вернікі розных канфэсій: пратэстанты, грэка-каталікі, таксама прадстаўнікі Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі. Дарэчы, Аляксей сябе залічвае да рыма-каталікоў.

Хлопец езьдзіць за мяжу, каб прасіць ахвяраваньні на прытулак. Ён кажа, што быў у Румыніі, Італіі, Швайцарыі. Просіць у сяброў набываць яму квіткі. Кажа, што часьцей за ўсё дапамагаюць суседзі з Польшчы, Літвы.

Аляксей нават пісаў ліст да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай аб дапамозе ў рэгістрацыі прытулку. Чакае адказу.

Марыць пабудаваць сталоўку і больш пакояў

​Аляксей кажа, што больш за ўсё патрэбна ежа. Бывае, што жывуць толькі на бульбе, рысе ды поліўцы. Але ніхто ня скардзіцца.

Тыя, хто хочуць нешта ахвяраваць, звычайна набываюць самыя танныя мясныя супавыя наборы. Смажаная бульба з каўбаскамі або кавалкамі мяса — ужо раскоша. На сьвяты, такія як 5 верасьня, калі ў сьвеце ўспамінаюць маці Тэрэзу, у іх на стале можа быць садавіна.

Штомесяц за электраэнэргію трэба плаціць каля 70 рублёў. Найбольш яе цягнуць дзьве помпы, якія дастаўляюць ваду са студні, ды два бойлеры, якія яе награваюць.

Выдаткі ідуць таксама на газавы балён і хатні тэлефон. Інтэрнэту ў хаце няма, на простым мабільным тэлефоне — таксама.

Ёсьць і больш маштабныя пляны.

«Трэба перакрыць шыфэрам дах. Вось тут мы хочам дабудаваць сталоўку. Праз акенца з кухні падавалі б порцыі ежы, — паказвае гаспадар. — А там далей зрабіць яшчэ адну прыбудову на тры-чатыры пакоі, каб усім бедным хапала месца».

Па ягоных падліках, толькі на блёкі для сталоўкі патрэбна 1200 рублёў. Аляксей тлумачыць, што ня просіць грошай, а будзе ўдзячны, калі яму падаруюць адразу будматэрыялы.

«Брат Луіджы»

Аляксей часта прадстаўляецца братам Луіджы. Кажа, што ён манах і належыць да мужчынскага ордэну маці Тэрэзы з Калькуты. Многія памятаюць яго менавіта па гэтым адзеньні — бела-блакітным сары, у якім ён раней зьяўляўся на людзях.

Аляксей Шчадроў
Аляксей Шчадроў

У прытулку ён прапануе прытрымлівацца правілаў, падобных да статуту, які дзейнічае ў манастырах гэтага ордэну. Пад’ём тут а пятай ранку. Багата абавязковых малітваў цягам дня, у якіх удзельнічаюць усе жыхары прытулку. Аляксей кажа, што захоўвае цэлібат.

Аднак афіцыйны прадстаўнік Каталіцкай царквы адмаўляе манаства Аляксея.

Як расказаў Свабодзе адказны за СМІ па Горадзенскай дыяцэзіі ксёндз Юры Марціновіч, Аляксей Шчадроў не належыць да ордэна братоў маці Тэрэзы і не зьяўляецца манахам нейкага іншага ордэна. Ён сьвецкі чалавек.

«Тое, што ён робіць, — добрая, карысная праца. Але ён ня робіць гэта ад імя Каталіцкай царквы. Хаця тэарэтычна можна было б стварыць на базе прытулку рэлігійную арганізацыю. Аднак Горадзенская дыяцэзія ня хоча пад гэтым падпісвацца, бо тут шмат падману. Калі б ён не казаў, што ён прадстаўляе ордэн Маці Тэрэзы, была б іншая сытуацыя», — кажа ксёндз Юры.

Сьвецкую грамадзкую арганізацыю Аляксей таксама спрабаваў рэгістраваць. Яна называлася «Павер у сябе», але праіснавала каля паўгода. Узьніклі складанасьці з афармленьнем папераў.

«Там патрэбна так шмат дакумэнтаў, у якіх я ня цямлю, што я забыўся пра бедных», — тлумачыць Аляксей.

Ён прызнаецца, што бываюць моманты, калі яму хочацца схавацца і парыдаць.

— Адкуль вы ведаеце, што гэта вашае жыцьцёвае заданьне?

— Калі гэта чалавечая справа, то яна памрэ разам са мной, калі Божая, то будзе жыць вечна, — бяз паўзы адказвае хлопец.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG