Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дакумэнты Надзеі Саўчанкі падалі на прэзыдэнцтва


Надзея Саўчанка ў судзе, травень 2018
Надзея Саўчанка ў судзе, травень 2018

Дэпутат Вярхоўнай Рады Надзея Саўчанка, які знаходзіцца пад арыштам, 3 лютага падала дакумэнты і заяву аб вылучэньні кандыдатам на пасаду прэзыдэнта Ўкраіны ў Цэнтральную выбарчую камісію.

Заяву перадала ў ЦВК сястра палітыка Вера Саўчанка. Яна сказала, што заява аб вылучэньні кандыдатам у прэзыдэнты пададзеная без закладу ў памеры 2,5 мільёна грыўняў (амаль 200 тыс беларускіх рублёў).

Саўчанка падае дакумэнты без унясеньня грашовага закладу, спасылаючыся на артыкул 103 Канстытуцыі Ўкраіны, дзе пералічаныя патрабаваньні, якім павінен адпавядаць прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Ўкраіны. У гэтым артыкуле гаворкі аб залогу ў 2,5 мільёна грыўняў ня йдзе.


Надзея Саўчанка, былая ваенная лётчыца, знаходзіцца пад арыштам паводле абвінавачваньня ў падрыхтоўцы тэракту і дзяржаўнага перавароту.

3 лютага — апошні дзень падачы дакумэнтаў для рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты Ўкраіны.

Выбары прызначаны на 31 сакавіка 2019 году. Па стане на 2 лютага Цэнтральная выбарчая камісія зарэгістравала 28 кандыдатаў у прэзыдэнты.

Перадвыбарчая кампанія пачалася 31 сьнежня. Да 9 лютага 2019 будзе абвешчаны канчатковы сьпіс прэтэндэнтаў на пасаду кіраўніка дзяржавы.

Што трэба ведаць пра прэзыдэнцкія выбары ва Ўкраіне

  • Выбары прэзыдэнта Ўкраіны адбыліся ў два туры 31 сакавіка і 21 красавіка 2019 году.
  • Па выніках першага туру найбольш галасоў набралі шоўмэн Уладзімір Зяленскі (за яго прагаласавалі 30,24% выбарнікаў) і дзейны кіраўнік краіны Пятро Парашэнка (15,95%). На трэцім месцы па выніках галасаваньня апынулася Юлія Цімашэнка — 13,40%, далей ідуць Юры Бойка (11,67%) і Анатоль Грыцэнка (6,91%).
  • У другім туры перамог Зяленскі. Паводле папярэдніх вынікаў, ён набраў звыш 73% галасоў, Парашэнка атрымаў каля 24,5%.
  • Прэзыдэнт Украіны выбіраецца на ўсенародных выбарах на пяць гадоў. На гэтую пасаду, як і ў Беларусі, можа прэтэндаваць любы грамадзянін, якому споўнілася 35 гадоў. Заканадаўства абмяжоўвае магчымасьць балятавацца больш чым на два тэрміны.
  • Ва Ўкраіне парлямэнцка-прэзыдэнцкая форма праўленьня. Як вынік, прэзыдэнт мае абмежаваныя паўнамоцтвы: ён прызначае кіраўнікоў сілавых структураў (Службы бясьпекі, Міністэрства абароны, генэральнага пракурора), мясцовых дзяржаўных адміністрацый. Склад ураду і прэмʼер-міністра выбірае парлямэнт, але кандыдатуру на разгляд Вярхоўнай Рады ўносіць прэзыдэнт на падставе прапановы ўрадавай кааліцыі, сфармаванай у Вярхоўнай Радзе пасьля парлямэнцкіх выбараў.
Ілюстрацыйнае фота. Выбары ва Ўкраіне
Ілюстрацыйнае фота. Выбары ва Ўкраіне
  • Прэзыдэнт Украіны не адказвае за эканамічную палітыку, але практычна ўсе кандыдаты ў прэзыдэнты ў часе выбарчай кампаніі маніпулююць выбарнікамі, абяцаючы зьніжэньне тарыфаў, цэнаў, а таксама павелічэньне заробкаў і пэнсій. У той жа час кіраўнік дзяржавы мае права накладваць вэта на законы, ухваленыя парлямэнтам, і пастановы ўраду ў выпадку іх неадпаведнасьці Канстытуцыі.
  • Прэзыдэнт Украіны вызначае замежную палітыку і, адпаведна, прызначае міністра замежных спраў.
  • Адначасова прэзыдэнт Украіны зьяўляецца галоўнакамандуючым Узброеных сілаў і старшынёй Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны, склад якой таксама вызначае кіраўнік дзяржавы.
  • Сёлетнія выбары былі найбольш канкурэнтнымі за ўсю гісторыю незалежнасьці Ўкраіны — для рэгістрацыі кандыдатам у Цэнтральную выбарчую камісію зьвярнуліся амаль 90 грамадзян, былі зарэгістраваныя 44 кандыдаты. Гэта найбольшая колькасьць прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта за ўсе гады незалежнасьці краіны: у 1999 годзе ў выбарах прэзыдэнта Ўкраіны ўдзельнічалі 13 кандыдатаў, у 2004-м — 24, у 2010-м — 18, у 2014-м — 21.
Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG