Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мітрапаліт Эпіфаній назваў РПЦ апошнім фарпостам Пуціна ва Ўкраіне


Расейская праваслаўная царква зьяўляецца апошнім фарпостам прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна ва Ўкраіне, заявіў кіраўнік новай Праваслаўнай царквы Украіны мітрапаліт Эпіфаній. Напярэдадні інтранізацыі (царкоўнае ўступленьне на пасаду кіраўніка царквы) герарх даў інтэрвію ўкраінскай службе Радыё Свабода.

«РПЦ ва Ўкраіне зьяўляецца апошнім фарпостам Пуціна. Таму што царква пранікае глыбока ў душы праваслаўных украінцаў», — сказаў Эпіфаній. Ён сказаў, што верыць, што пасьля аб’яднаньня ўкраінцаў у адзінай памеснай праваслаўнай царкве Пуцін страціць падтрымку ўнутры краіны, што прывядзе да спыненьня канфлікту ў Данбасе і вяртаньня Украіне анэксаванага Крыму.

Па ацэнцы Эпіфанія, пасьля стварэньня Праваслаўнай царквы Ўкраіны да яе далучыліся каля ста парафій Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату. «Мы ня ставім перад сабой задачу, каб адбылося як мага больш пераходаў на працягу кароткага часу. Мы хочам, каб гэтыя пераходы былі мірнымі, спакойнымі і добраахвотнымі, каб абшчына самастойна выбірала свой рэлігійны цэнтар безь ціску і без прымусу», — адзначыў мітрапаліт.

Што такое томас і аўтакефалія — тлумачым папулярна

6 студзеня 2019 году ў Стамбуле Ўсяленскі патрыярх Варфаламей уручыў томас аб аўтакефаліі кіраўніку Праваслаўнай царквы Ўкраіны мітрапаліту Кіеўскаму і ўсяе Ўкраіны Эпіфанію.

Што гэта азначае

  • Томас (грэц. τόμος) — указ кіраўніка памеснай праваслаўнай царквы ў важных пытаньнях царкоўнага ўладкаваньня або веравучэньня.
  • Аўтакефалія (ст.грэц. αὐτοκεφαλία) — самастойнасьць памеснай царквы, адміністрацыйна незалежнай ад іншых праваслаўных цэркваў, але адзінай зь імі кананічна.

Найноўшая перадгісторыя

  • У красавіку 2018 году прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка зьвярнуўся да Варфаламея з просьбай выдаць томас аб аўтакефаліі царквы ва Ўкраіне і абвясьціў аб намеры стварыць «адзіную памесную царкву». Вярхоўная Рада зварот прэзыдэнта падтрымала.
  • 10 верасьня 2018 году патрыярх Варфаламей накіраваў у Кіеў двух экзархаў, якія меліся падрыхтаваць глебу для стварэньня аўтакефальнай царквы.
  • 11 кастрычніка сынод Канстантынопальскага патрыярхату ў Стамбуле пазбавіў юрыдычнай сілы свой указ ад 1686 году аб перадачы Кіеўскай мітраполіі Маскве, абвясьціў аб стварэньні свайго падвор’я ў Кіеве і рэабілітаваў лідэраў раней непрызнаных Украінскай праваслаўнай царквы (Кіеўскага патрыярхату) і Ўкраінскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы.
  • 15 сьнежня 2018 году аб’яднаўчы сабор трох праваслаўных цэркваў Украіны абвясьціў аб стварэньні адзінай памеснай праваслаўнай царквы. Яе ў сане мітрапаліта Кіеўскага і ўсяе Ўкраіны ўзначаліў мітрапаліт Пераяслаўскі і Белацаркоўскі Эпіфаній (Думенка).

Рэакцыя Масквы

  • Маскоўскі патрыярхат рэзка адмоўна паставіўся да захадаў Канстантынопальскага патрыярха ў справе стварэньня адзінай памеснай царквы Ўкраіны, разарваў з Канстантынопалем эўхарыстычныя дачыненьні і зьвярнуўся да кіраўнікоў іншых праваслаўных цэркваў сьвету з заклікам не ўступаць у зносіны з створанай ва Ўкраіне новай праваслаўнай царквой.
  • Да пазыцыі патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла далучыўся і беларускі экзархат РПЦ. Сынод экзархату выступіў з адпаведнай заявай.
  • 2 лістапада 2018 году прадстаўнік Канстантынопальскага патрыярха пры Сусьветнай радзе цэркваў архіяпіскап Ёў (Геча) заявіў, што не выключае магчымасьці наданьня аўтакефаліі царкве ў Беларусі — калі папросяць царква і дзяржава.

Становішча ў сусьветным праваслаўі

Да наданьня аўтакефаліі Праваслаўнай царкве Ўкраіны ў сьвеце было 14 прызнаных аўтакефальных цэркваў. Паводле праваслаўнага Дыптыху, яны разьмяшчаюцца ў наступнай герархіі:

  • Канстантынопальская (больш як 2 млн чалавек)
  • Александрыйская (больш як 6,5 млн чалавек)
  • Антыяхійская (1 млн 370 тыс. чалавек)
  • Ерусалімская (130 тыс. чалавек)
  • Руская (найбуйнейшая, каля 130 млн чалавек)
  • Грузінская (4 млн чалавек)
  • Сэрбская (10 млн чалавек)
  • Румынская (16 млн чалавек)
  • Баўгарская (8 млн чалавек)
  • Кіпрская (420 тыс. чалавек)
  • Элядзкая (8 млн чалавек)
  • Альбанская (700 тыс. чалавек)
  • Польская (500 тыс. чалавек)
  • Чэскіх земляў і Славаччыны (150 тыс. чалавек)

Прыклады наданьня томасаў:

  • 1686 год — Канстантынопальскі патрыярх Дыянісі IV выдаў томас аб перадачы Кіеўскай мітраполіі Маскоўскай патрыярхіі (11 кастрычніка 2018 году сынод Канстантынопальскага патрыярхату скасаваў гэтае рашэньне).
  • 1923 год — патрыярх Канстантынопальскі Мялеці IV выдаў томас аб аўтаноміі Эстонскай праваслаўнай царквы і прыняў яе ў сваю юрысдыкцыю.
  • 1924 год — патрыярх Канстантынопальскі Грыгор VII падпісаў томас аб наданьні аўтакефаліі Праваслаўнай царкве ў Польшчы (Заходняя Беларусь і Заходняя Ўкраіна).
  • 1994 год — патрыярх Маскоўскі Аляксій II выдаў томас аб наданьні Малдаўскай праваслаўнай царкве аўтаноміі.
  • 1998 год — патрыярх Канстантынопальскі Варфаламей выдаў томас аб аўтакефаліі Праваслаўнай царквы Чэскіх земляў і Славаччыны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG