Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп аптымістычна ацаніў пэрспэктывы заключыць гандлёвае пагадненьне з Кітаем


Архіўнае фота. Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп (зьлева) і старшыня КНР Сі Цзіньпін, 2017 год

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп выказаў аптымізм з нагоды спыненьня эканамічнай канфрантацыі паміж ЗША і КНР. Ён заявіў пра гэта падчас сустрэчы зь віцэ-прэм’ерам Кітая Лю Хэ ў Авальнай залі Белага дома.

Паводле Трампа, у выпадку посьпеху перамоваў ЗША і КНР змогуць заключыць «найвялікшае ў гісторыі пагадненьне».

Прэзыдэнт ЗША адзначыў, што пакуль перамовы праходзяць «вельмі добра».

Перакладчык зачытаў ліст старшыні КНР Сі Цзіньпіна прэзыдэнту Трампу. У ім гаворыцца, што стасункі паміж дзьвюма эканамічнымі супэрдзяржавамі знаходзяцца цяпер у «крытычна важнай фазе».

«Спадзяюся, што абодва бакі працягнуць дзейнічаць у духу ўзаемапавагі. Заключэньне пагадненьня стане пазытыўным сыгналам для дзьвюх нашых нацый і ўсёй сусьветнай супольнасьці», — адзначаецца ў лісьце Сі Цзіньпіна.

Сі Цзіньпін таксама назваў захады, зробленыя кітайскімі ўладамі ў сельскагаспадарчым сэктары пасьля апошняй тэлефоннай размовы паміж лідэрамі ЗША і КНР.

Трамп назваў ліст Сі Цзіньпіна «цудоўным» і выказаў удзячнасьць старшыні КНР.

Падчас прэс-брыфінгу ў Авальнай залі Трамп заявіў, што кітайскі бок адкрыў амэрыканскім кампаніям доступ да сваіх фінансавых рынкаў. Пры гэтым ён папярэдзіў, што «ўгоды ня будзе, калі [Кітай] не адкрые доступ [амэрыканскім] сельскагаспадарчым і прамысловым кампаніям».

Раніцай 31 студзеня Трамп напісаў у «Твітэры», што «пагадненьне будзе непрымальным» без далейшага адкрыцьця кітайскага рынку для амэрыканскага бізнэсу.

Паводле прэзыдэнта, падчас перамоваў бакі таксама абмеркавалі пытаньні крадзяжу інтэлектуальнай уласнасьці і кантрабанду фэнтанілу (магутнага сынтэтычнага апіёіду) з Кітая ў ЗША.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG