Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі паліттэхноляг: Украінцы ўпершыню ня будуць выбіраць курс краіны


Віталь Шкляраў

Віталь Шкляраў — паліттэхноляг, ураджэнец Беларусі. Працаваў падчас праймэрыз у дэмакратычнай партыі ЗША на кандыдата Бэрні Сандэрса, на выбарах прэзыдэнта Расеі — на Ксенію Сабчак, на выбарах прэзыдэнта Грузіі сёлета — на кандыдата апазыцыі Грыгала Вашадзэ. Цяпер ён працуе на ўкраінскіх прэзыдэнцкіх выбарах. Як яны выглядаюць вачыма Віталя Шклярава?

Сьцісла

  • Украінцы ўпершыню не будуць выбіраць курс краіны, а будуць выбіраць таго, хто як мага лепш зможа рэалізаваць гэты курс.
  • Галоўная асаблівасьць кампаніі — гэта дыджыталізацыя, большая частка палітычнай рэклямы сышла ў інтэрнэт, у сацыяльныя сеткі.
  • Парашэнка мае рэальныя шанцы ня проста на другі тур, а і на перамогу на выбарах.
  • Ва ўсіх кандыдатаў адзіны плян — ціснуць на Расею з дапамогай санкцый і такім чынам пасадзіць яе за стол перамоваў.

— Ці працуеце вы на гэтых выбарах ва Ўкраіне на якога-небудзь кандыдата?

— Працую, Украіна ў апошнія гады стала напэўна адзінай краінай на постсавецкай прасторы, у якой выбары праходзяць адносна сумленна. І дзе немагчыма ведаць: каго ж урэшце выбера ўкраінскі народ? Таму, вядома, мне вельмі цікава знаходзіцца тут. І ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі.

— А на каго менавіта вы працуеце цяпер ва Ўкраіне?

— Я б аддаў перавагу таму, каб не адказваць на гэтае пытаньне.

— Украінскі сацыёляг Уладзімір Паніёта пэўны час таму адзначыў, што ніколі дагэтуль ва Ўкраіне палітычная супольнасьць не падыходзіла да прэзыдэнцкіх выбараў з такімі нізкімі рэйтынгамі лідэраў гонкі. Агульнапрызнаны лідэр — Юлія Цімашэнка, але ў яе па апытаньнях да апошняга часу быў рэйтынг парадку 10-12%. На выбарах, пачынаючы з 1991 году, лідэр гонкі заўсёды раней меў на гэтым этапе кампаніі рэйтынг парадку 25-30%. Пра што сьведчыць цяперашняя ўнікальная сытуацыя, што кажа аб украінскім грамадзтве?

— Ну вось літаральна на днях быў апублікаваны новы рэйтынг. І ў ім Уладзімір Зяленскі набірае 19%. Гэта шмат. Але напэўна варта сказаць, што ўпершыню ва Ўкраіне выбары не палярызуюць грамадзтва. Няма цяпер кандыдатаў прарасейскіх ці праеўрапейскіх. Кандыдаты, якія маюць рэальныя шанцы на перамогу, усе празаходнія і арыентаваныя на Эўрапейскі Зьвяз і NATO. Таму, па сутнасьці, украінцы ўпершыню не будуць выбіраць курс краіны, а будуць выбіраць таго, хто як мага лепш зможа рэалізаваць гэты курс. Гэта значыць, хто рэальна зробіць Украіну чальцом Эўразьвязу і NATO.

— А якія асаблівасьці кампаніі?

— Асноўная асаблівасьць — вялікая канкурэнцыя. Нават у кандыдатаў, якія паводле сацапытаньнях набіраюць 1%, ёсьць салідны выбарчы штаб, сетка ў рэгіёнах. Але галоўная асаблівасьць — гэта дыджыталізацыя, большая частка палітычнай рэклямы сышла ў інтэрнэт, у сацыяльныя сеткі. Кандыдаты разьвіваюць youtube-каналы, актыўна выкарыстоўваюць instagram і facebook. Кампанія больш ператвараецца ў шоў. Напрыклад, адзін з кандыдатаў вырашыў жартам «скрасьці» шапкі ў Давосе і гэта спарадзіла велізарная колькасьць мэмаў і жартаў. Гэта значыць, кандыдаты спрабуюць захапіць любы ўчастак на інфармацыйным полі, няхай гэта будзе сьмешныя відэа пра коцікаў або сур’ёзная палітычная аналітыка. Гэта новае і вельмі нязвыкла для палітычнага кантэксту.

— Першы сурʼёзны выкід кампрамату ў гэтай кампаніі адбыўся яшчэ да вылучэньня кандыдатаў: Уладзіміра Зяленскага абвінавацілі ў тым, што ён, насуперак сваім публічным заявам, валодае бізнэс-актывамі ў Расеі. На ваш погляд, гэтая кампанія будзе галоўным чынам вайной кампраматаў ці ўсё ж суперніцтвам канцэпцый разьвіцьця краіны?

— Я б не сказаў, што гэта выкід кампрамату. Гэта зрабілі журналісты, якія доўгі час займаюцца антыкарупцыйнымі расьследаваньнямі. Падобныя расьследаваньні былі і па Парашэнку, і па Цімашэнцы. Праблема Зяленскага была ў тым, што ён выявіўся не гатовы да гэтага. Гэта значыць, стаўленьне да яго, як да коміка — адно, а як да палітыка — адразу іншае. Калі ты кандыдат — праверка фінансавых крыніц і любых сувязяў.

Што тычыцца кампрамату — то выкідаў будзе шмат, але пакуль што не відаць якаснага кампрамату. Напрыклад, калі назваць расьсьледаваньні Фонду барацьбы з карупцыяй Аляксея Навального кампраматам, то гэта сапраўды тая інфармацыя, якая магла б пахаваць любога палітычнага дзеяча ва Ўкраіне. У Расеі — гэта часьцей за ўсё застаецца без наступстваў. Але і палітыкі ва Ўкраіне больш асьцярожныя. Таму знайсьці на іх нешта сурʼёзнае вельмі складана. У большасьці — немагчыма.

— Якія паліттэхналягічныя навінкі вы ўжо бачыце ва ўкраінскай выбарчай кампаніі? Чаго там не было раней, а зараз ёсьць?

— Я ўжо казаў, гэта дыджыталізацыя кампаній. Гэта таргетаваная і кантэкстная рэкляма. Але самым цікавым зʼявай стала «мэмізацыя» украінскай палітыкі. Напрыклад, штаб Андрэя Садавога стварыў мноства старонак у сацыяльных сетках, дзе яны посьцяць жарты пра Садавога і ставяць іх на прасоўваньне. Такім чынам, яны спрабуюць прыцягнуць да сябе малады электарат і амаладзіць палітыка, паказаць што ён «разумее моладзь» і што ён — адзін зь іх. Гэта цікава і такога, мне здаецца, ня тое, што ва Ўкраіне, а і ў сьвеце мала дзе было ў выбарчых кампаніях.

— Выбарчая кампанія — своеасаблівы грамадзкі дыялог. Калі скарыстацца гэтай мэтафарай, то «пра што» прэзыдэнцкія выбары ва Ўкраіне 2019 году? Праблем перад краінай вельмі шмат — вайна, эўраінтэграцыя, карупцыя, рэформы, камунальныя тарыфы, ідэнтычнасьць. Ці можна сказаць, што на гэтых выбарах будзе ці ўжо ёсьць адна, галоўная, стрыжневая тэма, адносна якой пазыцыянуюць сябе кандыдаты? Або такіх тэм некалькі?

Галоўная тэма ўсіх мінулых выбараў — NATO і ЭЗ ужо адпалі. Усе кандыдаты, якія рэальна прэтэндуюць на перамогу будуць весьці краіну у NATO і ЭЗ, па гэтым пытаньні ва ўкраінскім грамадзтве ёсьць кансэнсус. Асноўным пытаньнем, вядома ж, застаецца пытаньне Данбасу.

Як скончыць вайну? І тут дзьве кардынальна розныя пазыцыі: дамаўляцца ці ваяваць. Дзейны прэзыдэнт, нягледзячы на рыторыку і спробы дамовіцца, усё ж такі больш схільны да вайны. Цімашэнка і Зяленскі кажуць пра тое, што трэба дамаўляцца.

Яшчэ адной тэмай зьяўляюцца камунальныя плацяжы. Ва Ўкраіне яны, па сутнасьці, эўрапейскія, а вось заробкі — не. Насельніцтва вельмі абураецца з гэтай нагоды. Але, на самой справе, прэзыдэнт зусім не ўплывае на камунальныя плацяжы — таму гэтае пытаньне трохі папулістычнае, але важнае. Большасьць кандыдатаў абяцае зьнізіць «камуналку» у два-тры разы. Вядома, ніхто гэтага не зробіць. Але некаторыя адсоткі галасоў на гэтым можна атрымаць.

— Усе асноўныя кандыдаты на ўкраінскіх выбарах абяцаюць спыніць вайну, большасьць зь іх кажа, што ведаюць, як вярнуць Украіне Крым і сэпаратысцкую частку Данбасу. Ці ёсьць адрозьненьні ў іх плянах спыніць вайну і аднавіць тэрытарыяльную цэласнасьць краіны?

— Пляны розныя, у Зяленскага — гэта дамаўляцца з Пуціным, у Цімашэнкі — аднавіць Будапэшцкі фармат перамоваў, у Парашэнкі — гэта ні вайны, ні міру і ў канчатковым выніку місія ААН і АБСЭ на Данбасе, выхад украінскіх войскаў на мяжу з Расеяй. Што тычыцца Крыму то тут ёсьць кансэнсус — гэта пытаньне дыпляматыі, а не вайскоўцаў. Таму, па сутнасьці, ва ўсіх кандыдатаў адзіны плян — ціснуць на Расею з дапамогай санкцый і такім чынам пасадзіць яе за стол перамоваў.

— Чаму Уладзімір Зяленскі, актор, комік, арт-мэнаджар, апынуўся ў лідэрах гонкі? Чаму жаданьне бачыць новы твар увасобілася ў актору, а не ў нейкім валянтэры, вайскоўцы, кіраўніку вытворчасьці, губэрнатары?

— Пакуль не знайшлося ў краіне такога валянтэра, актывіста або вайскоўца, у якога была б настолькі вялікая пазнавальнасьць і папулярнасьць. І самае важнае, гэта вынік сэрыялу «Слуга народу», Зяленскі там гаварыў простыя і вельмі зразумелыя рэчы, якія сапраўды патрапілі ў яго мэтавую аўдыторыю. Усе астатнія палітыкі і грамадзкія дзеячы спрабавалі данесьці думку: складаныя пытаньні нельга вырашыць простымі адказамі. І таму прайгралі.

Акрамя таго, фэномэн Зяленскага — гэта пратэстнае галасаваньне. Гэта як «кандыдат супраць усіх» у прэзыдэнцкай гонцы ў РФ. Гэта сыгнал усёй палітычнай сыстэме, што нешта ідзе не так. Людзі вельмі незадаволеныя цяперашнім становішчам і стаміліся ад адных і тых жа асобаў у палітыцы.

— Украінскія прэзыдэнцкія выбары да 2014 году кожны раз вызначаліся выразным падзелам краіны па геаграфічнай прыкмеце паміж лідзіруючымі кандыдатамі: у 1994 годзе за Краўчука быў у асноўным Захад, за Кучму — Усход, у 1999 годзе за Кумчу - Захад, за Сіманенку - Усход, за Юшчанку у 2004 годзе — Захад, за Януковіча — Усход, за Цімашэнку ў 2010 годзе — Захад, за Януковіча — Усход. Ці будзе ў гэтым годзе палітычны падзел супадаць з геаграфічным і культурным?

— Час палітычнай геаграфіі ва Ўкраіне прайшоў. Так, ёсьць кандыдаты «ад Усходу» — Юры Бойка, Аляксандар Вілкул. Але яны вельмі маргінальныя і рэальных шанцаў на посьпех у іх няма. Ва Ўкраіне сапраўды ёсьць кансэнсус з нагоды самых важных крокаў — ЭЗ і NATO. Таму, за Зяленскага будуць галасаваць і ў Харкаве, і ў Львове. Як і за Цімашэнку, і за Парашэнку. Краіна стала больш аднастайнай у гэтым пляне.

— Юлія Цімашэнка паводле апытаньняў шмат месяцаў зьяўлялася бясспрэчным лідэрам рэйтынгаў. Ці азначае гэта, што яе перамога наканаваная?

— Ва Ўкраіне ніколі нельга сказаць дакладна, хто пераможа. Што тычыцца Цімашэнкі, то літаральна днямі яна па апытаньнях апусьцілася на другое месца, а на першае выйшаў Зяленскі. Ну і не варта забываць пра Парашэнку. У верасьні ў яго было 5-6%, цяпер 15-16%. Ён набірае ўсё больш падтрымкі ва ўкраінцаў. І мае рэальныя шанцы не проста на другі тур, а і на перамогу на выбарах, на маю думку. Таму, магу сказаць дакладна, што тут будзе цікава. І вельмі горача.

Што трэба ведаць пра прэзыдэнцкія выбары ва Ўкраіне

  • Выбары прэзыдэнта Ўкраіны адбыліся ў два туры 31 сакавіка і 21 красавіка 2019 году.
  • Па выніках першага туру найбольш галасоў набралі шоўмэн Уладзімір Зяленскі (за яго прагаласавалі 30,24% выбарнікаў) і дзейны кіраўнік краіны Пятро Парашэнка (15,95%). На трэцім месцы па выніках галасаваньня апынулася Юлія Цімашэнка — 13,40%, далей ідуць Юры Бойка (11,67%) і Анатоль Грыцэнка (6,91%).
  • У другім туры перамог Зяленскі. Паводле папярэдніх вынікаў, ён набраў звыш 73% галасоў, Парашэнка атрымаў каля 24,5%.
  • Прэзыдэнт Украіны выбіраецца на ўсенародных выбарах на пяць гадоў. На гэтую пасаду, як і ў Беларусі, можа прэтэндаваць любы грамадзянін, якому споўнілася 35 гадоў. Заканадаўства абмяжоўвае магчымасьць балятавацца больш чым на два тэрміны.
  • Ва Ўкраіне парлямэнцка-прэзыдэнцкая форма праўленьня. Як вынік, прэзыдэнт мае абмежаваныя паўнамоцтвы: ён прызначае кіраўнікоў сілавых структураў (Службы бясьпекі, Міністэрства абароны, генэральнага пракурора), мясцовых дзяржаўных адміністрацый. Склад ураду і прэмʼер-міністра выбірае парлямэнт, але кандыдатуру на разгляд Вярхоўнай Рады ўносіць прэзыдэнт на падставе прапановы ўрадавай кааліцыі, сфармаванай у Вярхоўнай Радзе пасьля парлямэнцкіх выбараў.
Ілюстрацыйнае фота. Выбары ва Ўкраіне
Ілюстрацыйнае фота. Выбары ва Ўкраіне
  • Прэзыдэнт Украіны не адказвае за эканамічную палітыку, але практычна ўсе кандыдаты ў прэзыдэнты ў часе выбарчай кампаніі маніпулююць выбарнікамі, абяцаючы зьніжэньне тарыфаў, цэнаў, а таксама павелічэньне заробкаў і пэнсій. У той жа час кіраўнік дзяржавы мае права накладваць вэта на законы, ухваленыя парлямэнтам, і пастановы ўраду ў выпадку іх неадпаведнасьці Канстытуцыі.
  • Прэзыдэнт Украіны вызначае замежную палітыку і, адпаведна, прызначае міністра замежных спраў.
  • Адначасова прэзыдэнт Украіны зьяўляецца галоўнакамандуючым Узброеных сілаў і старшынёй Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны, склад якой таксама вызначае кіраўнік дзяржавы.
  • Сёлетнія выбары былі найбольш канкурэнтнымі за ўсю гісторыю незалежнасьці Ўкраіны — для рэгістрацыі кандыдатам у Цэнтральную выбарчую камісію зьвярнуліся амаль 90 грамадзян, былі зарэгістраваныя 44 кандыдаты. Гэта найбольшая колькасьць прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта за ўсе гады незалежнасьці краіны: у 1999 годзе ў выбарах прэзыдэнта Ўкраіны ўдзельнічалі 13 кандыдатаў, у 2004-м — 24, у 2010-м — 18, у 2014-м — 21.
Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG