Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«На гэтых прэзыдэнцкіх выбарах ва Ўкраіне Расея ня мае „свайго“ кандыдата», — палітоляг


Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка абвяшчае пра свой удзел у прэзыдэнцкіх выбарах, 29 студзеня 2019

Госьць «Інтэрвію тыдня» — украінскі палітоляг, дырэктар Інстытуту ўсясьветнай палітыкі Яўген Магда. Ён вызначае асноўных фаварытаў прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне, адказвае на пытаньне, ці ёсьць у кампаніі прарасейскі кандыдат і ці мае ён шанцы, і нагадвае, што Аляксандар Лукашэнка — самы папулярны замежны палітык ва Ўкраіне.

Сьцісла:

  • На прэзыдэнцкіх выбарах ва Ўкраіне два галоўныя фаварыты — Пятро Парашэнка і Юлія Цімашэнка.
  • Прарасейскія кандыдаты ёсьць, але яны ня маюць шанцаў на агульную перамогу.
  • Расея будзе прапаноўваць комплекс «добрых паслугаў» розным кандыдатам, каб уплываць на кампанію

Я ня думаю, што на гэтых выбарах кандыдат, на якога ставіць Расея, мае шанцы на перамогу

— 29 студзеня цяперашні прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка афіцыйна ўступае ў кампанію на новых прэзыдэнцкіх выбарах. Напэўна, галоўныя кандыдаты ўжо вызначыліся і ўступілі ў кампанію. Якая карціна вымалёўваецца на гэтых выбарах? Хто найбольш сур’ёзныя кандыдаты, якія могуць прайсьці ў другі тур?

— Сапраўды, сёньня Пятро Парашэнка ідзе на выбары як самавылучэнец. Вылучэньне кандыдатаў будзе працягвацца да пачатку лютага, — думаю, усяго кандыдатаў будзе каля 30, пакуль іх зарэгістравана 22. Мяркую, 4–5 кандыдатаў рэальна прэтэндуюць на перамогу, столькі ж раскручваюць сябе з прыцэлам на парлямэнцкія выбары, якія адбудуцца вясной. Астатнія ж будуць альбо спойлерамі, альбо тэхнічнымі кандыдатамі для фаварытаў.

Яўген Магда. Беларуска-ўкраінскі экспэртны форум “Беларусь-Украіна: двухбаковы парадак дня ў турбулентным рэгіёне”
Яўген Магда. Беларуска-ўкраінскі экспэртны форум “Беларусь-Украіна: двухбаковы парадак дня ў турбулентным рэгіёне”

На маю думку, асноўныя фаварыты двое — Пятро Парашэнка і Юлія Цімашэнка, якая цягам усяго 2018 году была лідэрам прэзыдэнцкіх рэйтынгаў. Да той думкі, што менавіта яны фаварыты прэзыдэнцкай кампаніі, схіляюцца і сацыёлягі, і палітычныя аналітыкі.

— Звычайна на ўкраінскіх выбарах быў кандыдат, якога называлі прарасейскім. Ці зьмянілася сытуацыя кардынальна пасьля Крыму і Данбасу? Ці будзе на гэтых выбарах прарасейскі кандыдат?

— Я ня думаю, што на гэтых выбарах кандыдат, на якога ставіць Расея, мае шанцы на перамогу.

Але прарасейскія кандыдаты так ці іначай будуць браць удзел у выбарах. Бо ёсьць мільёны ўкраінцаў, якія жывуць яшчэ хто ўзгадкамі пра дружбу з Расеяй, хто яшчэ чым — і гэтыя кандыдаты будуць на іх разьлічваць. То бок зьмены адбываюцца, але гэта не адразу прыносіць пазытыўны эфэкт.

Расея будзе прапаноўваць комплекс «добрых паслугаў» розным кандыдатам

— За каго цяпер можа прагаласаваць украінскі Ўсход? Раней заўсёды быў кандыдат (як, напрыклад, Януковіч), які адназначна падтрымліваўся большасьцю выбарнікаў з усходніх абласьцей. Але пасьля Крыму гэта відавочна зьмянілася, і на апошніх выбарах усходнія рэгіёны даволі актыўна галасавалі за Пятра Парашэнку. За каго яны будуць галасаваць сёньня?

— Паколькі электаральнага пераемніка Януковіча няма, Крым акупаваны, а Ўсход перабывае ў такім туманным стане — таму думаю, што трэба шукаць розныя варыянты і разумець, што ня будзе такога «кандыдата Ўсходу». На сёньня ўжо зарэгістравана некалькі кандыдатаў з прарасейскай рыторыкай — Бойка, Мураеў. Яны будуць змагацца за гэты электарат з прыцэлам на парлямэнцкія выбары.

— А якой можа быць пазыцыя Расеі? Зараз украінскія аўтары шмат пішуць пра тое, што Расея будзе актыўна ўмешвацца ў выбарчую кампанію. У якой форме гэта можа адбывацца, якія мэты будзе ставіць Масква? Актыўнай прапагандай ставіць пад сумнеў самі выбары, ці больш асьцярожна — дапамагаць таму кандыдату, які будзе ім выгаднейшы?

— Я думаю, што Расея будзе прапаноўваць комплекс «добрых паслугаў» розным кандыдатам. Яна будзе інфармацыйна, арганізацыйна, фінансава падтрымліваць тых кандыдатаў, якія будуць выказваць сумнеў наконт эўрапейскай інтэграцыі Ўкраіны, будуць ставіць пад сумнеў неабходнасьць аднаўленьня тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны.

Трэба разумець, што на гэтых выбарах для Расеі свайго кандыдата няма. І таму яны будуць шукаць тых, хто будзе зь імі супрацоўнічаць. Думаю, такіх будзе дастаткова.

— Ці мае нейкае істотнае значэньне для ўкраінцаў этнічнае паходжаньне кандыдата? Што пра гэта кажа сацыялёгія? Ці мае гэта вырашальнае значэньне, каб кандыдат на прэзыдэнта быў этнічным украінцам?

— Я думаю, для ўкраінцаў мае значэньне, каб кандыдат вольна валодаў украінскай мовай. Я спадзяюся, украінцы ўсьведамляюць, што зараз ідзе працэс фармаваньня шматнацыянальнай украінскай палітычнай нацыі, дзе тытульная нацыя — украінцы, але ёсьць іншыя народы, якія таксама бяруць удзел у яе фармаваньні. Прынамсі, я ня чуў ніякіх размоваў з нагоды нацыянальнасьці каго-небудзь з кандыдатаў.

— Натуральна, што для замежнай палітыкі галоўнае — гэта адносіны з Захадам і Расеяй. Але Беларусь — таксама ўкраінскі сусед, які якраз адрозьніваецца ад Захаду і Расеі. Ці можа беларуская тэма хоць у нейкай ступені гучаць падчас гэтай выбарчай кампаніі, ці для гэтага няма ніякіх падставаў?

— У мяне дзьве навіны для беларускіх слухачоў. Па-першае, беларуская тэма ніяк не гучыць на гэтых выбарах. Другая навіна — асабліва не гучаць і іншыя міжнародныя тэмы. Размова ідзе пра адданасьць эўрапейскай інтэграцыі як такой, але бязь нейкай канкрэтыкі.

Пятро Парашэнка і Аляксандар Лукашэнка, кастрычнік 2018
Пятро Парашэнка і Аляксандар Лукашэнка, кастрычнік 2018

Таму беларусам тут няма на што крыўдзіцца, паколькі большасьць людзей ва Ўкраіне разумеюць, што сувэрэнная незалежная Беларусь — у інтарэсах Украіны. Таксама нагадаю, што Аляксандар Лукашэнка — найбольш папулярны замежны палітык ва Ўкраіне.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG