Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінская міністарка падтрымала пэтыцыю за легалізацыю мэдычнай марыхуаны


Выканаўца абавязкаў міністра аховы здароўя Ўкраіны Ўляна Супрун

Выканаўца абавязкаў міністра аховы здароўя Ўкраіны Ўляна Супрун заклікала людзей падпісаць пэтыцыю, зарэгістраваную ва ўкраінскім парлямэнце, з патрабаваньнем унесьці зьмены ў заканадаўства, каб канабіс можна было выкарыстоўваць у мэдычных і навуковых мэтах.

«Мэдычны канабіс дапамагае палегчыць пакуты пацыентаў і нармалізаваць самаадчуваньне пры шэрагу цяжкіх захворваньняў і станаў. Таму выкарыстоўваць яго ў мэдыцыне, вядома з пэўнымі агаворкамі, нармальная сусьветная практыка. Мэдычны канабіс мае мноства даказаных лекавых і паліятыўных эфэктаў, і дазволены, напрыклад, у 25 штатах ЗША, Аўстраліі, Канадзе, яго выкарыстаньне даўно ўрэгуляванае ў многіх эўрапейскіх краінах. У Ізраілі, Румыніі, Македоніі і Пуэрта-Рыка канабіс забаронены, аднак дазволены ў выпадках невылечных хваробаў», — напісала яна на сваёй старонцы ў Facebook.

Пэтыцыю за легалізацыю канабісу ў навуцы і мэдыцыне апублікавалі на сайце Вярхоўнай Рады Ўкраіны 30 студзеня. Цяпер пад дакумэнтам сабралі больш за 2200 подпісаў. Яны патрабуюць ўрэгуляваць доступ пацыентаў да прэпаратаў з канабісам пры лячэньні хранічных боляў, эпілепсіі, анарэксіі, посттраўматычнага сындрому, захворваньняў імуннай сыстэмы, артрыту і рэўматызму, астмы, хваробы Альцгаймэра, хваробы Паркінсана і многіх іншых цяжкіх хвароб.

Украінская міністарка адзначае, што мэдычныя гатункі канопляў зьмяшчаюць больш канабідыёлу, чым тэтрагідраканабінолу, таму мае менш псыхатропнага дзеяньня, абязбольвае і расслабляе. Зрэшты, паводле Супрун, мэдычны канабіс таксама мае шэраг праблемных пабочных эфэктаў, таму лекар можа яго прызначаць толькі пры неабходнасьці.

«Доступ пацыентаў да прэпаратаў на аснове канабісу — гэта рэалізацыя іх права на мэдычную дапамогу. Важна падтрымаць легалізацыю ўжываньня мэдычнага канабісу ў навуковых мэтах і мэдыцыне », — піша Супрун.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG