Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярмошыну запрасілі назіраць за прэзыдэнцкімі выбарамі ва Ўкраіне


Лідзія Ярмошына падчас датэрміновага галасаваньня на парлямэнцкіх выбарах 2016 году. Менск, 7 верасьня 2016 году

Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Лідзія Ярмошына атрымала запрашэньне на прэзыдэнцкія выбары ва Ўкраіне, якія маюць адбыцца 31 сакавіка 2019 году.

Яшчэ ў абед 31 студзеня Лідзія Ярмошына казала Свабодзе, што такога запрашэньня ёй з Украіны не было, але яно трапіла на яе стол па абедзе.

«Я туды паеду. Паколькі да сёньня не было запрашэньня, то я ўжо зьбіралася ехаць у Грузію на сэмінар. Але цяпер, канечне, я зьбіраюся ва Ўкраіну», — сказала 31 студзеня Лідзія Ярмошына Свабодзе.

Ярмошына запрошаная таксама назіраць за парлямэнцкімі выбарамі ў Малдове, якія пройдуць 24 лютага.

«Там я буду прадстаўляць Цэнтравыбаркам, пагляджу, як працуюць малдаўскія калегі», — кажа Ярмошына.

У Цэнтральнай выбарчай камісіі Ўкраіны Свабодзе паведамілі, што сёньня старшыня ЦВК Тацяна Сьліпачук падпісала пэрсанальнае запрашэньне на імя Лідзіі Ярмошынай для назіраньня за прэзыдэнцкімі выбарамі 31 сакавіка.

«Больш за тое, яно сёньня ж было накіравана ў Беларусь, і мы ўжо маем інфармацыю, што яно атрымана Цэнтральнай выбарчай камісіяй Беларусі. Гэта зроблена за два месяцы да дня галасаваньня, гэта вельмі вялікі тэрмін. Бо, як правіла, такія запрашэньні накіроўваюцца пазьней»,— сказаў Свабодзе кіраўнік аддзелу Сакратарыяту ЦВК Украіны па ўзаемадзеяньні са СМІ Канстанцін Хіўрэнка.

Ён падкрэсьліў, што запрашэньні на назіраньне за выбарамі могуць накіроўваць ня толькі ЦВК, а таксама прэзыдэнт, парлямэнт і МЗС Украіны.

«Закон не прадугледжвае жорсткіх рамак адносна абавязковасьці накіраваньня запрашэньня. Так, гэта адзін з варыянтаў, калі органы ўлады запрашаюць, але згодна з украінскім заканадаўствам любая краіна, ці, скажам, ЦВК або амбасада Беларусі, могуць, не чакаючы запрашэньня ад украінскага боку, накіраваць ліст, у якім выказаць жаданьне назіраць у якасьці міжнародных назіральнікаў за ходам выбарчага працэсу. Гэта цалкам нармальная практыка, і ня толькі ўкраінская, але і ўсясьветная», — сказаў Канстанцін Хіўрэнка.

З Расеі назіральнікаў ня будзе

На цяперашніх выбарах ва Ўкраіне ўпершыню ня будзе назіральнікаў ад Расеі. На папярэдніх выбарах у 2014 годзе амаль тысяча расейцаў атрымалі адпаведныя мандаты ад Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ і ад Эўрапейскай плятформы за дэмакратычныя выбары.

Сёлета міністар замежных спраў Украіны Паўло Клімкін, запрашаючы замежныя місіі для назіраньня за выбарамі, заклікаў усе міжнародныя дэмакратычныя інстытуты адмовіцца ад уключэньня ў іх склад грамадзян Расеі.

У той жа час сетка ўнутраных назіральнікаў будзе традыцыйна шырокая — на дадзены момант Цэнтральная выбарчая камісія дазволіла 103 грамадзкім арганізацыям мець на выбарах сваіх назіральнікаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG