Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея прапанавала пабудаваць АЭС у Паўночнай Карэі, — СМІ


Ілюстрацыйнае фота. Паўночнакарэйскі лідэр Кім Чэн Ын назірае за запускам ракеты, 2017 год

Амэрыканскае выданьне Washington Post паведамляе, што прадстаўнікі Расеі тайна прапанавалі Паўночнай Карэі пабудаваць атамную электрастанцыю ў абмен на яе адмову ад узброенай праграмы.

У сваім артыкуле, апублікаваным 29 студзеня, WP спасылаецца на неназваных амэрыканскіх чыноўнікаў, якія кажуць, што Масква выступіла з такой прапановай некалькі месяцаў таму. Прадстаўнікі амэрыканскай выведкі даведаліся пра гэта толькі ў канцы 2018 году.

Па інфармацыі выданьня, пагадненьне прадугледжвае, што Масква пабудуе і будзе эксплюатаваць АЭС, вывозячы адкіды назад у Расею. Гэта павінна зьменшыць рызыку таго, што Пхэньян выкарыстае АЭС для стварэньня ядзернай зброі.

У Белым доме сытуацыю пакуль не камэнтавалі.

Пасол Расеі ў Паўночнай Карэі абверг паведамленьне Washington Post.

«Ні Расея, ні, як сьцьвярджаецца, прадстаўнікі расейскай улады ніколі не прапаноўвалі будаваць атамную электрастанцыю ў Паўночнай Карэі», — сказаў Аляксандар Мацагора, якога цытуе расейскае дзяржаўнае агенцтва навінаў ТАСС.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп вядзе перамовы аб дэнуклеарызацыі Паўночнай Карэі, але гэтыя намаганьні пакуль не даюць дастатковых вынікаў. Другая сустрэча Дональда Трампа і паўночнакарэйскага лідэра Кім Чэн Ына заплянаваная на канец лютага.

Дырэктар нацыянальнай выведкі ЗША Дэн Коўтс у сваіх паказаньнях у Кангрэсе 29 студзеня заявіў, што наўрад ці Пхэньян калі пагодзіцца на поўную дэнуклеарызацыю. Паводле яго, лідэры Паўночнай Карэі разглядаюць магчымасьць валоданьня ядзернай зброяй як «крытычна важную для выжываньня рэжыму».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG