Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каму Расея дае грошы і каму сьпісвае даўгі


Прэзыдэнт Зымбабвэ Эмэрсан Мнангагва паціскае руку Ўладзіміру Пуціну. Крэмль, 15 студзеня 2019
Прэзыдэнт Зымбабвэ Эмэрсан Мнангагва паціскае руку Ўладзіміру Пуціну. Крэмль, 15 студзеня 2019

Прэзыдэнт Зымбабвэ прыехаў у Маскву за новымі крэдытамі. Акрамя таго, Расея выдзеліць 642 мільёнаў рублёў на рэстаўрацыю залатога купала Капітолію ў Гаване.

Расейскія ўлады распрацавалі таксама спэцыяльны плян выратаваньня эканомікі Вэнэсуэлы: краіна знаходзіцца ў вельмі глыбокім крызысе — гіпэрінфляцыя, каляпс эканомікі і мільёны ўцекачоў. Але расейская рука дапамогі ўжо працягнутая — набор мераў па выратаваньні эканомікі і яшчэ больш інвэстыцый і збожжа.

5 мільярдаў даляраў у нафтавую галіну, больш за мільярд ў вытворчасьці здабыўной галіны, 600 тысяч тон збожжа — гэта толькі сёлета, і яшчэ як мінімум 17 мільярдаў у выглядзе крэдытаў, пачынаючы з 2006 году. Усё гэта, як піша Reuters, брацкая дапамога Расеі Вэнэсуэле.

Адносіны паміж дзьвюма краінамі заўсёды будаваліся на нефармальных дамоўленасьцях паміж палітычнымі лідэрамі і не заўсёды былі зьвязаныя эканамічнай лёгікай. Усё таму, што Расея даўно замацавалася ў вэнэсуэльскай нафтавай прамысловасьці. Сёньня «Роснефть» — адзіная замежная кампанія, якая працягвае актыўна супрацоўнічаць з урадам Нікаляса Мадуры ў нафтагазавай сфэры. Іншы буйны інвэстар краіны — Кітай — яшчэ два гады таму страціў надзею на вяртаньне крэдытаў, перастаў даваць Вэнэсуэле грошы і згарнуў бізнэс.

Але Расею як быццам не бянтэжыць пэрспэктыва ніколі больш ня ўбачыць свае крэдытныя грошы. Масква ўкладвае мільёны ў эканоміку іншых краін і даруе велізарныя даўгі.

У лістападзе летась у маніторынгу эканамічнай сытуацыі, які штомесяц рыхтуюць экспэрты Інстытуту эканамічнай палітыкі Гайдара і Расейскай акадэміі народнай гаспадаркі і дзяржаўнай службы, выйшаў артыкул «Расея як міжнародны донар ў 2017 годзе». З гэтага дакумэнту даведаемся, што ў 2017 годзе Расея выдзеліла трэцім краінам 1,194 мільярда даляраў. Падобныя сумы краіна рассылае па сьвеце ня першы год, і апошнія тры гады сума перавышала мільярд даляраў. Крыху больш за траціну гэтай велізарнай лічбы — дараваньне даўгоў.

Да прыкладу, Кіргізстану Расея сьпісала доўг у 240 мільёнаў даляраў (16 мільярдаў рублёў). А гэта два бюджэты Цьверы на 2017 год. Або кошт будаўніцтва 80 дзіцячых садкоў. Ці гадавая сярэдняя зарплата 51 тысячы лекараў.

Зь іншага боку, палову гэтай сумы знайшлі ў былога намесьніка начальніка ўпраўленьня «Т» Галоўнага ўпраўленьня эканамічнай бясьпекі і процідзеяньня карупцыі МУС Расеі Дзьмітрыя Захарчанкі і пералічылі на рахунак казначэйства Расеі. Так што палову доўгу Кіргізстану вярнуў расейскі чыноўнік.

У 2017 годзе дзяржава выдзеліла фінансавую дапамогу на агульную суму 734 мільёнаў даляраў 43 краінам.

Больш за іншых атрымалі:

  • Куба — 353,8 мільёна даляраў. Гэта тры месяцы пэнсіі для ўсіх пэнсіянэраў Омскай вобласьці. А магло быць паўгода.
  • Кіргізстан — 129,8 мільёна даляраў. Роўна столькі ўрад выдзеліў 12 рэгіёнам Расеі ў якасьці кампэнсацыі скачка цэнаў на паліва гэтай зімой. Паводле зьвестак «Коммерсанта», у падобных субсыдыях маюць патрэбу яшчэ 32 рэгіёны Расеі.
  • КНДР — 57,7 мільёна даляраў. Такая самая сума, паводле словаў віцэ-прэм’ера Тацьцяны Голікавай, дапаможа 77 тысячам расейскіх жанчын у дэкрэце прайсьці прафэсійнае перанавучаньне або павысіць сваю кваліфікацыю. Іх магло б быць у два разы больш.
  • Сырыя — 20,5 мільёна даляраў. Гэтых грошай хопіць Серпухаўскаму раёну Падмаскоўя для мадэрнізацыі ўсяго цеплазабесьпячэньня. У рамонце відавочна маюць патрэбу сыстэмы забесьпячэньня цяплом не аднаго расейскага рэгіёну.
  • Таджыкістан — 16 мільёнаў даляраў. Столькі грошай Міністэрства адукацыі і навукі выдзеліла 239 ВНУ для павышэньня заробкаў выкладчыкам. Толькі дзяржаўных ВНУ ў Расеі больш за 600.

Расейскія грошы атрымалі нават на ціхаакіянскіх астравах Кірыбаці (0,01 мільёна даляраў), у афрыканскай Бурундзі (0,04 мільёна даляраў) і ў Нікарагуа (14 мільёнаў даляраў). Пяць расейскіх мільёнаў дасталіся і Ўкраіне.

Гэта 43 краіны, якія атрымалі грошы на разьвіцьцё наўпрост з Расеі. Яшчэ 40% сродкаў, накіраваных іншым краінам, Расея перадала праз Арганізацыю эканамічнага супрацоўніцтва і разьвіцьця, ААН і іншыя міжнародныя інстытуты.

Асобны від дапамогі, які Расея аказвае іншым краінам, — гуманітарная. 84% такой дапамогі — або 19,6 мільёна даляраў — у 2017 годзе атрымала Сырыя. Не забываем, што яшчэ 20,5 мільёна даляраў Расея выдзеліла Сырыі ў рамках двухбаковай дапамогі. Разам 40 мільёнаў — амаль столькі ў якасьці субсыдыі на набыцьцё жытла атрымалі за паўгода летась ўсе вайскоўцы Ўсходняй вайсковай акругі. Скарыстацца субсыдыяй змаглі 400 сем’яў. А маглі б 800.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG