Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія прадпрыемствы страцілі 41 989 чалавек за год


Вёска Вынішчы, Слуцкі раён Менскай вобласьці, ілюстрацыйнае фота

З 2010 году занятых у эканоміцы Беларусі стала меней на 367 000 чалавек — на цэлую Горадню. Нэгатыўная тэндэнцыя працягваецца.

Колькасьць прынятых на працу ў Беларусі зноў аказалася ніжэйшай за колькасьць звольненых у 2018 годзе, вынікае са зьвестак Нацыянальнага статыстычнага камітэту.

Цягам году на працу ў Беларусі прынялі 673 447 работнікаў, звольнілі — 715 436 (на 41 989 болей). Самымі «стратнымі» месяцамі былі красавік, травень і жнівень.

У прыватнасьці, у сьнежні 2018 году звольнілі на 2522 чалавекі больш, чым прынялі на працу. Найбольш «незваротных звальненьняў» было ў сельскай гаспадарцы, лясной і рыбнай прамысловасьці (мінус 1571 чалавек), а таксама апрацоўчай прамысловасьці (мінус 831 чалавек), найбольшы ж адваротны паказьнік, калі прынялі больш, чым звольнілі, у гандлі (плюс 1298 чалавек).

Летась статыстыка была падобная: за 2017 год звольнілі на 41 113 больш, чым прынялі на працу (зноў жа, самыя «стратныя» — красавік, травень і жнівень). У 2016 годзе было горш: «незваротна звольнілі» 108,1 тысячы чалавек.

Ня ўсе зьнікаюць у нікуды, некаторыя застаюцца «нябачна занятымі»

Куды дакладна падзеліся «незваротна звольненыя» 41 989 чалавек, невядома: пэўна, некаторыя памерлі або пайшлі на пэнсію, а некаторыя сышлі ў зусім малыя кампаніі або ў самазанятасьць. Статыстыка ня ўлічвае «мікраарганізацыі і малыя арганізацыі бязь ведамаснай падпарадкаванасьці».

Колькасьць занятых у эканоміцы зьмяншаецца, але не такімі значнымі тэмпамі, якія паказваюць лічбы «незваротных звальненьняў». У сьнежні 2018 году занятымі ў эканоміцы называліся 4,336 млн беларусаў, у сярэднім у 2017 годзе — 4,3536 млн (было болей на 17 600 чалавек за канец 2018 году), у 2016-м — 4,4057 млн (болей на 52,1 тысячы за 2017-ы), у 2015-м — 4,4960 млн (болей на 90,3 тысячы за 2016-ы).

Пік колькасьці занятых у эканоміцы прыпаў на 2010 год — тады занятымі называліся прыблізна 4 703 000 беларусаў. З таго часу занятых стала меней на 367 000 чалавек. За той жа час колькасьць усяго насельніцтва зьменшылася толькі на 5 600 чалавек (падала да 2014 году, тры гады расла, затым зноў стала падаць).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG