Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналіст Жукоўскі зьехаў зь Беларусі пасьля нападу невядомых, папрасіў палітычнага прыстанішча ў Эўропе


Кастусь Жукоўскі, архіўнае фота

Колішні рэкардсмэн па штрафах «за Белсат» цяпер зь сям’ёй у Заходняй Эўропе.

Гомельскі журналіст Кастусь Жукоўскі, найбольш вядомы па сюжэтах тэлеканалу «Белсат», пакінуў зь сям’ёй Беларусь і не зьбіраецца вяртацца ў найбліжэйшы час.

Па словах Жукоўскага, апошнім часам ён меў перасьлед і пагрозы з боку спэцслужбаў за свае расьсьледаваньні. Напрыклад, ён раскрыў канал незаконнай міграцыі празь Беларусь, сваёй інфармацыяй падзяліўся з КДБ, каб ведамства зрабіла захады і не дапусьціла патоку ўцекачоў з усходніх краінаў у Заходнюю Эўропу празь Беларусь.

«Але спэцслужба не адрэагавала на мой зварот, хоць зьвесткі ў мяне былі дакладныя. Я таксама разьбіраўся з пастаўкамі зброі зь Беларусі, магчыма, у „ДНР“ ці „ЛНР“. За што атрымаў пагрозы на электронную скрыню і праз Facebook», — распавёў Свабодзе журналіст.

Наконт пагрозаў ён зьвярнуўся ў міліцыю, але праваахоўная структура не знайшла вінаватых, толькі «вылічыла», што пагрозы дасылаліся з электроннай скрыні, зарэгістраванай у Канадзе.

Паводле Жукоўскага, 13 студзеня на яго напалі пад Хойнікамі, куды ён ехаў па працы.

«Мы спыніліся з актывістам Барысам Анікеевым сярод дарогі, барахліў рухавік. Раптам зьявіўся джып, адкуль выскачылі невядомыя, пырснулі ў вочы газавым балёнчыкам, зьбілі мяне з ног і парвалі пашпарт. Добра, што ён быў пратэрмінованы», — зазначыў Жукоўскі.

Ён вырашыў пакінуць Беларусь.

«Маглі быць правакацыі і ў дачыненьні маёй дачкі, якая аднойчы магла б не вярнуцца са школы», – дадаў журналіст.

У Беларусі Жукоўскага часта затрымлівалі і штрафавалі за «незаконны выраб прадукцыі СМІ» — працу без акрэдытацыі на тэлеканал «Белсат». Агульная сума штрафаў Жукоўскага склала 12 432,5 рубля. Бывала, яго выклікалі ў міліцыю пяць разоў на тыдзень, зьбіраліся штрафаваць за расьпіваньне ліманаду.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG