Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Крамлі назвалі прычыну, якая замінае Расеі падпісаць дамову з Японіяй


Прэм’ер-міністар Японіі Сіндзо Абэ і прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін на супольнай прэс-канфэрэнцыі па выніках сустрэчы ў Крамлі, 22 студзеня 2019 году
Прэм’ер-міністар Японіі Сіндзо Абэ і прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін на супольнай прэс-канфэрэнцыі па выніках сустрэчы ў Крамлі, 22 студзеня 2019 году

Прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзьмітры Пяскоў у этэры тэлеканалу «Россия 1» агучыў адну з галоўных перашкодаў для падпісаньня мірнай дамовы зь Японіяй. Паводле яго, гэта падтрымка японскімі ўладамі антырасейскіх санкцыяў.

«Яны падтрымліваюць санкцыйны рэжым, і гэта адна з сытуацыяў, якая вельмі моцна перашкаджае падпісаньню дамовы», — заявіў Пяскоў, адзначыўшы, пры гэтым, што гэта ня значыць, што перамоўны працэс зайшоў у тупік.

22 студзеня ў Маскве прайшоў чарговы раўнд перамоваў паміж прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным і прэм’ер-міністрам Японіі Сіндзо Абэ, падчас якога абмяркоўваліся тэмы заключэньня мірнай дамовы паміж краінамі і прыналежнасьці Курыльскіх астравоў. Пасьля перамоваў Пяскоў заявіў, што Крэмль «пакуль не фіксуе якіх-небудзь зьменаў у пазыцыі Японіі».

Новая сустрэча кіраўнікоў дзяржаваў плянуецца на чэрвень 2019 году.

Японія доўгія гады аспрэчвае прыналежнасьць чатырох астравоў Курыльскай грады — Ітуруп, Шыкатан, Кунашыр і Хабамаі. Яны былі акупаваныя СССР у канцы Другой сусьветнай вайны. З прычыны тэрытарыяльнай спрэчкі Расея і Японія да гэтага часу не падпісалі мірную дамову.

У лістападзе пасьля сустрэчы Абэ і Пуціна стала вядома, што Японія гатовая вярнуцца да дэклярацыі аб астравах 1956 году. У ёй СССР згаджаўся перадаць Японіі Хабамаі і Шыкатан пасьля падпісаньня мірнай дамовы. Абэ таксама пакляўся на магіле сваіх продкаў вырашыць пытаньне з астравамі «любой цаной».

Прэс-сакратар Пуціна Дзьмітры Пяскоў раней заяўляў, што мірная дамова паміж дзьвюма краінамі не азначае перадачу астравоў Японіі.

Магчымыя перамовы аб статусе астравоў выклікаюць у Расеі рэзкую крытыку Пуціна з боку розных палітычных сілаў. Толькі 17% расейцаў гатовыя падтрымаць перадачу часткі Курылаў Японіі, сьцьвярджаюць сацыёлягі. Пры гэтым колькасьць расейцаў, гатовых падтрымаць ідэю перадачы некалькіх выспаў Курыльскай грады дзеля заключэньня мірнай дамовы, вырасла за два гады на 10%.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG