Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля крадзяжоў харчоў са школьных сталовак звольняць трох гомельскіх чыноўнікаў


Ілюстрацыйнае фота. Дзеці ў школьнай сталовай
Ілюстрацыйнае фота. Дзеці ў школьнай сталовай

Свабодзе стала вядома, што ў сувязі з крымінальнай справай аб крадзяжы харчоў работнікамі камбінату школьнага харчаваньня страцілі пасады начальнікі аддзелаў адукацыі трох з чатырох раёнаў Гомля.

Паводле інфармаванай крыніцы, рашэньне аб звальненьні начальнікаў аддзелаў адукацыі Цэнтральнага, Чыгуначнага і Савецкага раёнаў Гомлю было прынятае на паседжаньні ў гарвыканкаме ў панядзелак.

«Ім проста паведамілі — зьбірайце рэчы, звальняйцеся. Камбінат школьнага харчаваньня — асобная структура. Пры чым тут начальнікі аддзелаў адукацыі? Яны проста трапілі „пад раздачу“. І невядома — на якой падставе людзей будуць звальняць? Напэўна, прымусяць пісаць на ўласнаму жаданьню. Пакуль начальнікі Савецкага і Чыгуначнага раёну — на бальнічным», — паведаміла Свабодзе інфармаваная крыніца.

У адміністрацыі Цэнтральнага раёну Свабодзе паведамілі, што 24 студзеня начальнік аддзелу адукацыі Сяргей Конухаў звольнены па ўласным жаданьні.

У адміністрацыі Савецкага раёну па тэлефоне адказалі, што начальнік аддзелу адукацыі Алена Кавалёва цяпер не працуе, бо знаходзіцца на бальнічным.

Аналягічна адказалі і ў адміністрацыі Чыгуначнага раёну, дзе начальнік аддзелу адукацыі Ірына Казімірава, па словах супрацоўнікаў адміністрацыі, хварэе.

Пры пасадзе засталася толькі начальнік аддзелу адукацыі Навабеліцкага раёну. На тэрыторыі раёну не было выяўлена фактаў крадзяжу харчоў для школьных сталовых.

Таксама вядома, што дысцыплінарнае пакараньне ў выглядзе звальненьня панясуць і дырэктары некаторых школаў Гомля, да навучэнцаў якіх не даходзілі харчы. Свабодзе вядома, што некаторыя дырэктары цяпер таксама знаходзяцца на бальнічных ці праходзяць лячэньне ў мясцовых установах аховы здароўя.

18 студзеня Сьледчы камітэт распачаў крымінальную справу па фактах крадзяжу харчоў работнікамі камбінату школьнага харчаваньня. Былі затрыманыя 11 чалавек. Іх падазраюць у прысваеньні вялікай колькасьці прадуктаў, «накіраваных» у школы, у папярэдняй змове з індывідуальнымі прадпрымальнікамі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG