Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску дзяржаўны ўкраінскі тэлеканал можна будзе паглядзець ужо ў лютым


Ілюстрацыйнае фота

Тэлегледачы ў Менску змогуць глядзець перадачы ўкраінскага дзяржаўнага тэлеканалу UATV прыблізна з 10 лютага. Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміў Вадзім Ціхановіч, дырэктар кампаніі «Навігатар ТВ», якая зьяўляецца афіцыйным дыстрыбутарам тэлеканалу ў Беларусі.

24 студзеня міністар інфармацыі Беларусі Аляксандар Карлюкевіч падпісаў загад, які дазволіў украінскаму тэлеканалу UATV распаўсюджвацца на тэрыторыі Беларусі.

UATV — украінскі тэлеканал замежнага вяшчаньня, мае эфіры на ўкраінскай, расейскай, крымскататарскай, ангельскай і арабскай мовах.

«Цяпер мы робім прапановы кабэльным апэратарам. З тымі, хто пагодзіцца, заключым дамову. У сваю чаргу яны накіроўваюць паведамленьне ў Міністэрства інфармацыі Беларусі пра ўключэньне гэтага тэлеканалу ў сваю сетку. На тэрыторыі Беларусі можа падаць запыт з просьбай заключыць дамову. Ужо маем дамову зь менскім апэратарам „Сучасныя электронныя тэхналёгіі“», — расказаў дырэктар кампаніі «Навігатар ТВ» Вадзім Ціхановіч.

Кабэльныя апэратары вяшчаюць толькі ў пэўным раёне. Працэдура паведамленьня Міністэрству інфармацыі аб уключэньні новага каналу ў кабэльны пакет складае ад 10 да 14 дзён.

«Самае раньняе, відаць, канал зможа ўключыцца 10 лютага», — сказаў Вадзім Ціхановіч.

Дазвол выдалі на тры гады

Дазвол на трансьляцыю UATV выдадзены на тры гады. Як паведамілі карэспандэнту Свабоды ў Міністэрстве інфармацыі Беларусі, гэта стандартны тэрмін. Пасьля рэгістрацыю можна будзе працягнуць.

Таксама ў Міністэрстве сказалі, што ўкраінскі тэлеканал прайшоў праверку праз адмысловую камісію на адпаведнасьць заканадаўству Беларусі ў галіне СМІ.

«На першым пасяджэньні камісіі раздаецца носьбіт, людзі глядзяць. Потым на чарговым паседжаньні кожны па сваім напрамку паведамляе, ці выяўлена парушэньне заканадаўства. Кожны экспэрт падпісвае экспэртнае заключэньне. І потым усё гэта афармляецца пратаколам і рашэньнем. І гэта ўжо падстава для выдачы дазволу», — сказала крыніца ў Міністэрстве інфармацыі.

Таксама там паведамілі, што колькасьць гадзінаў вяшчаньня, яго час не вызначаецца: «Гэта называецца вяшчаньне бяз зьмены формы і зьместу. Нельга нічога мяняць, нешта выразаць. Як ёсьць, так і ёсьць».

Таксама вяшчаньне не патрабуе карэспандэнцкага пункту і прадстаўніцтва.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG