Сьпікер Палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пэлосі ў сераду пісьмова апавясьціла Белы дом, што прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп ня зможа выступіць на наступным тыдні ў Кангрэсе з дакладам аб становішчы краіны.
Гэтая заява Пэлосі стала рэакцыяй на заяву Трампа аб тым, што ён плянуе выступіць у Кангрэсе са штогадовым зваротам, нягледзячы на яе просьбу адкласьці выступ у сувязі з прыпыненьнем дзейнасьці часткі ўрадавых структур (шатдаўнам).
Па традыцыі, Палата прадстаўнікоў запрашае прэзыдэнта ЗША выступіць са штогадовым дакладам аб становішчы краіны, прымаючы адмысловую рэзалюцыю. Пэлосі першапачаткова запрасіла Трампа выступіць са зваротам, але пазьней зьмяніла сваю пазыцыю, спасылаючыся ня немагчымасьць гарантаваць бясьпеку прэзыдэнта ЗША ў Кангрэсе.
Пэлосі прапанавала ўзгадніць новую дату выступу прэзыдэнта ў Кангрэсе пасьля вяртаньня дзяржаўных службоўцаў на працоўныя месцы.
«Я пішу, каб праінфармаваць вас пра тое, што Палата прадстаўнікоў ня будзе разглядаць рэзалюцыю, якая дазваляе выступ прэзыдэнта ЗША са зваротам аб становішчы краіны ў зале пасяджэньняў Палаты прадстаўнікоў да таго моманту, пакуль праца фэдэральных урадавых установаў ня будзе адноўленая ў поўным аб’ёме», — гаворыцца ў апошнім лісьце Нэнсі Пэлосі.
У адказ Дональд Трамп заявіў, што знойдзе «альтэрнатыўнае рашэньне» датычна выступу з дакладам аб становішчы краіны. Ён не даслаў ніякай дадатковай інфармацыі, аднак позна ўвечары паведаміў, што ўсё ж выступіць з прамовай пасьля аднаўленьня працы дзяржаўных службаў.
Прэзыдэнт ЗША назваў рашэньне сьпікера «ганебным», выкліканым яе нежаданьнем «пачуць праўду» і гатоўнасьцю саступіць вельмі леваму крылу яе партыі.
Ліст сьпікера ніжняй палаты Кангрэсу ня стаў шокам для адміністрацыі прэзыдэнта. Усе апошнія дні Белы Дом рыхтаваў запасны варыянт, на выпадак, калі Пэлосі стане перашкаджаць выступу прэзыдэнта ў Палаце прадстаўнікоў. Альтэрнатывай выступу ў Кангрэсе можа стаць прамова Трампа, арганізаваная па-за межамі Вашынгтону.