Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп скрытыкаваў Пэлосі, якая адхіліла яго прапанову ў справе спыненьня «шатдаўну»


Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп (архіўнае фота)

На думку прэзыдэнта, дэмакратам варта пагадзіцца на пабудову сьцяны ў абмен на абарону некаторых нелегальных імігрантаў ад дэпартацыі.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп у нядзелю скрытыкаваў сьпікера Палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пэлосі за адмову прыняць яго прапанову, закліканую пакласьці канец рэкорднаму 30-дзённаму часткому закрыцьцю ўраду («шатдаўну»). Кампраміс, як ахарактарызаваў яго Трамп, прадугледжваў вылучэньне 5,7 мільярда даляраў на пабудову бар’ера на мяжы з Мэксыкай і трохгадовую абарону ад дэпартацыі сотняў тысяч імігрантаў.

Сьпікер Палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пэлосі (архіўнае фота)
Сьпікер Палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пэлосі (архіўнае фота)

«Нэнсі Пэлосі і некаторыя дэмакраты адхілілі маю ўчорашнюю прапанову яшчэ да майго выступу. Яны не заўважаюць злачынстваў і наркотыкаў, яны бачаць толькі 2020 год, ^[прэзыдэнцкія выбары^], на якіх яны не перамогуць. Найлепшая эканоміка! — напісаў Трамп у Твітэры. — Яны павінны паступіць правільна, і дазволіць людзям вярнуцца да працы».

Трамп, які адзначае палову свайго чатырохгадовага знаходжаньня ў Белым доме, у суботу прапанаваў плян завяршэньня самага доўгага «шатдаўну» ў гісторыі ЗША. Аднак дэмакратка Нэнсі Пэлосі, якая займае пасаду сьпікера Палаты прадстаўнікоў, назвала ініцыятыву Трампа «непрахадным варыянтам» яшчэ да выступленьня прэзыдэнта.

Лідэр рэспубліканскай большасьці ў Сэнаце Міч Макконэл заявіў, што плянуе вынесьці прапанову Трампа на галасаваньне найбліжэйшымі днямі, хоць для яе ўхваленьня спатрэбіцца некалькі галасоў дэмакратаў.

Рэспубліканцы маюць большасьць у Сэнаце — 53 месцы з 100, але для ўхваленьня буйных законапраектаў амаль заўсёды патрабуецца большасьць 60 галасоў. Пакуль незразумела, ці зможа Трамп пераканаць прынамсі сем дэмакратаў падтрымаць яго прапанову.

Нават калі Сэнат ухваліць плян Трампа, ён, верагодна, пацерпіць паразу ў Палаце прадстаўнікоў, дзе узначальваная Пэлосі апазыцыя мае трывалыя пазыцыі. Аднак перамога Трампа ў Сэнаце можа прывесьці да новых перамоваў наконт яго пляну пабудовы сьцяны і спыненьня «шатдаўну», у выніку якога 800 тысяч фэдэральных службоўцаў былі адпраўленыя ў адпачынкі без утрыманьня або вымушаныя працаваць без аплаты.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG