Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канапацкая прапанавала зьмяніць правілы абмеркаваньня забудовы на карысьць грамадзянаў


Стары праект забудовы менскага раёну Асмалоўкі, 2017 год

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў з Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганна Канапацкая расказала на Facebook аб перадачы ў Міністэрства архітэктуры прапановаў па зьменах у заканадаўства аб распрацоўцы і ўзгадненьні горадабудаўнічых праектаў і праектнай дакумэнтацыі.

Будоўлі ў Беларусі нярэдка выклікаюць спрэчкі і пратэсты. Бывае, што плянуюць зьнесьці будынкі, якія мясцовыя лічаць гістарычнай каштоўнасьцю. Бывае, плянуюць зьнесьці царкву, у якую ходзіць нямала вернікаў. Бывае, хочуць зьнішчыць яблыневы сад, каб збудаваць яшчэ адзін забаўляльны цэнтар, якіх і так хапае жыхарам. Бывае, «ушчыльненьне» ўжо збудаваных раёнаў здаецца жыхарам надта цесным. Бывае, пачынаюць будаваць на тэрыторыі, дзе будаўніцтва абмежаванае законам, а пасьля мяняюць абрысы ахоўных зонаў пад будоўлю.

Што прапануе Канапацкая

  • Папярэджваць аб пачатку распрацоўкі праектаў будаўніцтва на афіцыйных сайтах і ў СМІ. Паведамляць пра мэты, тэрміны і замоўніка праекту, публікаваць кантакты замоўніка.
  • Прымаць прапановы мясцовых жыхароў і юрыдычных асобаў аб прапановах па праектах у іхным населеным пункце цягам месяцу з публікацыі гэтых прапановаў. Разглядаць прапановы, прымаць рашэньні па іх магчымай рэалізацыі.
  • Публікаваць у інтэрнэце ўсё зьвязанае з зацьверджаньнем праекту дэталёвага плянаваньня (ПДП), што не адносіцца да дзяржаўных сакрэтаў і інфармацыі «для службовага карыстаньня».

***

Ганна Канапацкая, архіўнае фота
Ганна Канапацкая, архіўнае фота

«Лічу, што грамадзяне маюць права і павінны ўдзельнічаць у абмеркаваньні парадку разьвіцьця тэрыторыі месца свайго пражываньня яшчэ да распрацоўкі ПДП, а вынікі такога абмеркаваньня павінны класьціся ў аснову заданьня на праектаваньне, — піша Канапацкая. — Гэта дасьць магчымасьць уключыць грамадзянаў у рашэньне мясцовых праблемаў, зьняць сацыяльнае напружаньне і разьвіць мясцовае самакіраваньне. З гэтых пазыцыяў не сыду і буду далей шукаць магчымасьці для ўкараненьня дадзенага падыходу ў заканадаўства і горадабудаўнічую практыку».

Тым часам падонба, што нават цяперашні парадак абмеркаваньня забудовы парушаецца. Напрыклад, каардынатар ініцыятывы «Горад для гараджан» Дзяніс Кобрусеў мяркуе, што адміністрацыя Цэнтральнага раёну Менска і фірма-праектант не выконваюць прадугледжаны законам парадак абмеркаваньня будоўлі арабскага інвэстара ў гістарычным цэнтры Менску, на месцы «БелЭкспа» ля Опэрнага тэатру.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG