Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гібрыд ЗАГСу і банку. Што трэба ведаць пра новы праект Палацу шлюбаў у гістарычным цэнтры Віцебску


Тут хочуць збудаваць Палац шлюбаў

Улады Віцебску зноў вярнуліся да ідэі збудаваць Палац шлюбаў у гістарычнай ахоўнай зоне гораду. У праекце зьявіліся зьмены, але грамадзкага абмеркаваньня новага праекту не было, і ўвогуле яго ніхто ня бачыў. Гараджане пратэстуюць, патрабуючы скасаваць будаўніцтва.

З чаго ўсё пачалося?

«Палац урачыстых абрадаў», або «Палац шлюбаў», як яго карацей называюць віцябляне, — адна з ідэяў Аляксандра Косінца, цяпер памочніка Лукашэнкі. Упершыню яе агучылі ў 2010 годзе, калі Косінец быў старшынём Віцебскага аблвыканкаму і фантанаваў ідэямі кшталту стварэньня ў горадзе акіянарыюму, іпадрому, мясцовага «Дыснэйлэнду» і гэтак далей.

Большасьць зь іх так і засталася нязьдзейсьненымі. Але Палац шлюбаў год за годам уключалі ў інвэстыцыйныя праграмы разьвіцьця гораду. І нават надалі яму сацыяльна-ідэалягічную нагрузку: у комплексе з помнікам Аляксандру Неўскаму, увасобленаму разам з жонкай, ён меў заахвочваць да стварэньня новых сем’яў.

Аляксандара Косінца перавялі ў Менск на падвышэньне. Але ні зь ім, ні безь яго будоўля не пачалася: бракавала грошай.

Чаму ідэя не знайшла падтрымкі ў гараджан?

Гістарычная забудова цяперашняй плошчы Тысячагодзьдзя
Гістарычная забудова цяперашняй плошчы Тысячагодзьдзя

«Палац шлюбаў» быў запраектаваны на плошчы Тысячагодзьдзя — у гістарычным цэнтры Віцебску, які лічыцца гісторыка-культурнай каштоўнасьцю нацыянальнага значэньня (катэгорыя № 2).

Паводле праекту будаўніцтва мае адбывацца на недасьледаванай тэрыторыі Ніжняга замка, без папярэдніх археалягічных раскопак. Узьвядзеньне новага будынка зробіць немагчымымі такія дасьледаваньні і ў будучым.

Апроч абурэньня аматараў віцебскай даўніны, існуе абывацельская думка: нашто марнаваць грошы на «Палац шлюбаў» (800 тысяч рублёў паводле інвэстпраграмы разьвіцьця гораду на 2017 г.), калі ў горадзе востра бракуе школ, дзіцячых садкоў і мэдычных установаў? А пад «Палац шлюбаў» можна пераабсталяваць цэлы шэраг закінутых будынкаў, прыкладам, колішні раённы Дом культуры.

Якія аргумэнты «за»?

Стрэлкай пазначана месца заплянаванай будоўлі
Стрэлкай пазначана месца заплянаванай будоўлі

Аргумэнтацыя прыхільнікаў будаўніцтва выкладзенaя ў праектнай дакумэнтацыі. У тым ліку — у «Справаздачы аб ацэнцы ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе аб’екта „Палац урачыстых абрадаў г. Віцебску“», абмеркаваньне якой праходзіць якраз гэтымі днямі (да 9 сьнежня).

Аргумэнты «за»:

  • цяперашнія памяшканьні ЗАГСу разьмешчаныя ў жылым будынку, няма пляцоўкі для фатаграфаваньня;
  • няма стаянкі для вясельных картэжаў «неабходнага памеру»;
  • заля ўрачыстых абрадаў не адпавядае сучасным патрабаваньням — якім канкрэтна, не тлумачыцца.
Выгляд Палаца шлюбаў паводле праектных дакумэнтаў 2015 г.
Выгляд Палаца шлюбаў паводле праектных дакумэнтаў 2015 г.

Ад новага будынка, які «адпавядае сучасным патрабаваньням і сацыяльна-арыентаванай палітыцы дзяржавы», чакаюць «сацыяльнага эфэкту»: «папулярызацыі новых грамадзянскіх абрадаў урачыстай рэгістрацыі шлюбаў, нараджэньня дзіцяці, юбілейных вясельляў...»

Хто замовіў праект, хто яго распрацоўвае, як палац будзе выглядаць?

Замоўнік аб’екта — Упраўленьне капітальнага будаўніцтва Віцебску. Генэральны праектант — УП «Інстытут „Віцебскграмадзянпраект“». Імёны і прозьвішчы канкрэтных аўтараў невядомыя.

Паводле праектнай дакумэнтацыі, «аб’ект праектаваньня знаходзіцца ў межах ахоўнай зоны, на тэрыторыі Ніжняга замка». Будынак двухпавярховы, у цэнтральнай частцы — вэстыбюль і дзьве залі для ўрачыстасьцяў, у левым крыле — гардэроб і адміністрацыйныя памяшканьні, у правым — адміністрацыйныя памяшканьні і пакоі «для жаніха» і «для нявесты».

Тэрыторыя вакол будынка прызначаная для «правядзеньня ўрачыстасьцяў, адпачынку і забаўляльных мерапрыемстваў», яна будзе закладзена «дробнаштучнай тратуарнай пліткай „Шэры камень“ трох колераў».

Якія зьмены зьявіліся ў праекце сёлета?

Паводле праектантаў, зьнешняе аблічча аб’екта будзе «выканана з улікам аднаўленьня будынка Дзяржаўнага банку, раней разьмешчанага ў дадзеным месцы ў пэрыяд 18–19 стагодзьдзяў».

«Гэта нішто іншае, як спроба маніпуляваць грамадзкай думкай: маўляў, мы не руйнуем даўніну, а яе аднаўляем. Прычым спроба абсалютна непісьменная: у 18 стагодзьдзі ў Віцебску ўвогуле не было ніякіх банкаў, першы быў заснаваны толькі ў 1860 годзе, але ўласнага будынка ня меў. Звычайны падман простых людзей, якім хочуць прыкрыць умяшаньне ў гістарычную ахоўную зону», — лічыць краязнаўца Ігар Цішкін.

Ці магчымы такі «гібрыд» сучаснага ЗАГСа і гістарычнага будынка?

На думку краязнаўцы, аўтара гістарычных фотапраекцый Віцебску Віктара Барысенкава, у праектнай дакумэнтацыі можа ісьці гаворка пра будынак Дзяржаўнага банку, які зьявіўся ў 1902 годзе.

Будынак Дзяржаўнага банку. Фота паштоўкі з архіву Віктара Барысенкава
Будынак Дзяржаўнага банку. Фота паштоўкі з архіву Віктара Барысенкава

«На маю думку, аднавіць будынак банку, узьведзены некалі па праекце знакамітага архітэктара Ціхана Кібардзіна, было б слушна. І ў ім зрабіць той самы ЗАГС! Але ён стаяў зусім у іншым месцы — абсалютна ня там, дзе запраектаваны „Палац шлюбаў“. І сама фармулёўка пра „зьнешняе аблічча з улікам аднаўленьня“ — гэта трызьненьне! Магчымае толькі поўнае аднаўленьне па стандартах навуковай рэстаўрацыі!», — кажа спадар Барысенкаў.

Ён зрабіў фотапраекцыю, як выглядаў бы гістарычны будынак у сучасным гарадзкім краявідзе.У цяперашніх рэаліях ён стаяў бы цераз дарогу ад запраектаванага «Палаца шлюбаў», а ня ў тым самым месцы. Як спалучыць у адным праекце сучасны гмах і гістарычны будынак — асобнае пытаньне. І няма пэўнасьці, што падобны праект насамрэч існуе.

Будынак банку ў сучасным краявідзе. Фотапраекцыя Віктара Барысенкава
Будынак банку ў сучасным краявідзе. Фотапраекцыя Віктара Барысенкава

Калі адбудзецца прэзэнтацыя абноўленага праекту і яго грамадзкае абмеркаваньне?

Калі праект абнавілі пасьля зацьвярджэньня «Дэталёвага пляну цэнтральнай часткі Віцебску», то ён падлягае працэдуры асобнага грамадзкага абмеркаваньня. Гэта адзіная магчымасьць убачыць праект да будаўніцтва.

«Усе аб’екты, якія былі на дэталёвым пляне, зацьверджаныя ў 2015 годзе. Але праект „Палаца ўрачыстых абрадаў“ зьмянілі, ён ужо не адпавядае тагачаснаму! Гараджане могуць патрабаваць новага абмеркаваньня і выказваць свае заўвагі на падставе Кодэксу Рэспублікі Беларусь аб культуры, які прадугледжвае ажыцьцяўленьне грамадзкага кантролю за рэжымам утрыманьня і выкарыстаньня зон аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасьцей», — кажа старшыня Рэспубліканскай рады Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч.

Відэапараўнаньне гістарычнай забудовы і цяперашняга краявіду на месцы, дзе зьбіраюцца будаваць Палац шлюбаў. Аўтар відэа — Віктар Барысенкаў

Хто пратэстуе супраць будаўніцтва «Палаца шлюбаў», апрача аматараў гісторыі?

Калектыўны ліст пратэсту падалі ў Віцебскі гарвыканкам актывісты БХД, кажа каардынатарка аргкамітэту Тацяна Севярынец.

«Пад лістом 58 подпісаў, мы сабралі іх за пару дзён, ня гнаўшыся за колькасьцю. Наша мэта — змусіць чыноўнікаў арганізаваць сход і адказаць на пытаньне, чаму на іншыя сацыяльныя аб’екты грошай няма, а гэты — будуюць. На сход мы зьбяром нашмат больш народу, і тады пагаворым пра ўсё: і пра „сацыялку“, і пра зьдзек з гістарычнай спадчыны, і пра сямейныя каштоўнасьці. Колькасьць шлюбаў зьмяншаецца, бо маладым няма на што гадаваць дзяцей, няма дзе жыць, а яны — „Вось вам палац!“».

Подпісы супраць будоўлі зьбіраюць і прыхаджане царквы Аляксандра Неўскага: паводле праекту драўляная цэркаўка ідзе пад знос. Яна ня лічыцца архітэктурай каштоўнасьцю, але вернікам шкада свайго храма.

Пратэстоўцаў цікавіць і фінансавае пытаньне: ці ёсьць грошы на будаўніцтва? Ці яго распачнуць, а потым кінуць, як іншыя гарадзкія даўгабуды, — раскапаўшы катлаван у гістарычнай ахоўнай зоне?

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG