Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Упершыню за 10 гадоў улады зафіксавалі рост навукаёмістасьці ВУП


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Два гады запар, у 2017-2018, у Беларусі фіксуецца павелічэньне долі навукаёмістасьці ў валавым унутраным прадукце краіны. Такога не было апошнія 10 гадоў. Гэтыя лічбы назваў сёньня журналістам першы намесьнік старшыні Дзяржаўнага камітэту навукі і тэхналёгій Андрэй Касоўскі.

Пазалетась паказьнік навукаёмістасьці склаў 0,59; за 2018 год пакуль дакладнай лічбы няма, але яна чакаецца ў дыяпазоне ад 0,60 да 0,62.

Андрэй Касоўскі патлумачыў, што прарыў найперш зьвязаны са структурнымі перабудовамі.

«Раней кожнае міністэрства мела свой інавацыйны фонд. Але там грошы асвойваліся слаба. У 2016-м стварылі агульны інавацыйны фонд пры нашым камітэце, і сытуацыя зьмянілася. Цяпер ніводзін навуковец ня можа сказаць, што пад ягоны праект са станоўчым заключэньнем экспэртаў не далі грошай. Гэта і стала штуршком для росту», — сказаў чыноўнік.

На ўдакладняльнае пытаньне Свабоды, які паказьнік навукаёмістасьці ВУП у разьвітых краінах сьвету, спадар Касоўскі адказаў так: «Калі ён меншы за 1%, то лічыцца, што з навукова-тэхнічным прагрэсам у краіне існуюць праблемы».

Што такое паказьнік навукаёмістасьці

Навукаёмістасьць ВУП — гэта тая яго частка, якая накіроўваецца на правядзеньне навуковых дасьледаваньняў і распрацоўку высокіх тэхналёгіяў. Цэнтры навукаёмістых тэхналёгій — ЗША, Японія і Заходняя Эўропа. Лідэры ў навукаёмістасьці эканомікі ў Эўразьвязе — Швэцыя, Фінляндыя, Данія.

Кіраўнік беларускай дзяржавы паставіў задачу да 2020 году выйсьці на 1% навукаёмістасьці ВУП, заяўляў у канцы мінулага году старшыня Дзяржкамітэту Аляксандар Шумілін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG