Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэкспрасьвет па-беларуску: «прыборка памяшканьня» замест прэзэрватываў


Падлеткаў у школе цяпер будуць вучыць «Падрыхтоўцы да шлюбу і сямейнага жыцьця», але праграма факультатыву безнадзейна адстае ад цяперашніх тэндэнцый у рамантычных стасунках. У сьпісе літаратуры для пэдагогаў шмат кніг, выдадзеных яшчэ ў 90-я гады, а ў самой праграме ёсьць паняцьці «дашлюбныя стасункі», «мужчынскае прызначэньне» і «жаночае прызначэньне».

Мы зноўку ідзем сваім «унікальным» шляхам замест таго, каб вучыць падлеткаў адказна ставіцца да кантрацэпцыі

Мы зноўку ідзем сваім «унікальным» шляхам і замест таго, каб вучыць падлеткаў адказна ставіцца да кантрацэпцыі, будзем расказваць ім пра «пэрыяд дашлюбнага заляцаньня», «тэхналёгію прыборкі памяшканьня» і «першасную адаптацыю маладзёнаў да ўмоваў сумеснага жыцьця».

Паводле дасьледаваньня «Беларусь: структура сям’і, сямейныя стасункі, рэпрадуктыўныя паводзіны», у 2016-2017 гадах у 73% выпадкаў перад рэгістрацыяй шлюбу пары нейкі час жылі ў так званым фактычным шлюбе. Але аўтарка навучальнай праграмы новага факультатыву Алена Пагодзіна гэты факт ігнаруе (ці проста пра яго не ведае) і ўпарта атаясамлівае сумеснае жыцьцё закаханых са шлюбам.

Цікава і тое, што сярод праблемаў сучаснай сям’і Алена Пагодзіна ўзгадвае «скарачэньне колькасьці шлюбаў», «зьніжэньне нараджальнасьці» і «павелічэньне колькасьці дзяцей, народжаных па-за шлюбам». Але чаму гэтыя зьявы апісваюцца як праблемныя? У рэальнасьці інстытут сям’і моцна трансфармуецца проста цяпер, і заява, нібыта зьніжэньне нараджальнасьці — гэта праблема сем’яў, патрабуе тлумачэньня.

Шмат хто абірае бязьдзетнае жыцьцё сьвядома і шчасьліва жыве, рэалізуючы сябе ў іншых сфэрах

Калі маецца на ўвазе, што праз розныя фактары ў людзей пагаршаецца рэпрадукцыйнае здароўе, і яны ня могуць мець біялягічна родных дзяцей, хоць жадаюць гэтага, дык пытаньняў няма — гэта адназначна праблема. Але шмат хто абірае бязьдзетнае жыцьцё сьвядома і шчасьліва жыве, рэалізуючы сябе ў іншых сфэрах.

Гэты факультатыў ня ўлічвае вельмі важнага фактару сучаснасьці — разнастайнасьці глябальных жыцьцёвых выбараў. Школа нібыта робіць выгляд, што за апошнія 30-40 гадоў нічога не зьмянілася, хоць сьвет ледзьве не перакуліўся. Падлеткаў амаль ня вучаць, як карыстацца кантрацэпцыяй і навошта яна ўвогуле патрэбна, а замест гэтага расказваюць пра «кулінарнае мастацтва» і «эстэтыку і прыгажосьць дома».

Гаворка будзе ісьці хутчэй пра высокую маральнасьць, а не пра прэзэрватывы.

Можна доўга і ўпарта рабіць выгляд, што падлеткаў не цікавіць сэкс, і што вучыць іх трэба таму, што «вясельле — гэта наймацнейшы эмацыйны фундамэнт будучай сям’і». Разам з гэтым можна спадзявацца, што колькасьць заражэньняў ВІЧ і іншымі інфэкцыямі, якія перадаюцца праз сэкс, зьменшыцца сама сабой, але ня варта потым зьдзіўляцца сумным наступствам цяперашняй палітыкі.

Дзеля справядлівасьці: у праграме факультатыву дзьве гадзіны адводзяцца на тэму «рэпрадукцыйнае здароўе моладзі», але прапанаваны зьмест занятку наводзіць на думку, што гаворка будзе ісьці хутчэй пра высокую маральнасьць, а не пра прэзэрватывы.

Падлеткі бачаць, што адбываецца вакол, як разьвіваюцца стасункі паміж іх старэйшымі сяброўкамі і сябрамі, і вераць сваім вачам больш, чым настаўніцкім расповедам пра «маральны клімат сям’і» і «эстэтыку быту».
Гіпатэтычна, і з гэтай навучальнай праграмы можна зрабіць якасны курс для падлеткаў, калі адпаведна паставіць акцэнты, але ж у рэальнасьці спадзявацца на якасны сэкспрасьвет не даводзіцца. І чакаць даверу ад падлеткаў таксама ня варта — яны не пойдуць расказваць пра свае праблемы тым, хто ім упарта і плянамерна хлусіць.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG