Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛГБТ-сетка паведаміла пра катаваньні геяў у Чачні

Пікет ЛГТБ-актывістаў у Санкт-Пецярбургу, 2015 год
Пікет ЛГТБ-актывістаў у Санкт-Пецярбургу, 2015 год

Расейская ЛГБТ-сетка са спасылкай на ўласныя крыніцы паведаміла, што затрыманых у пачатку сьнежня 2018 году на тэрыторыі Чачні геяў утрымліваюць у аддзелах паліцыі Грознага і Аргун.

Выканаўчы дырэктар праграм Расейскай ЛГБТ-сеткі Ігар Качаткоў удакладніў, што катаваньні, якім паддаюцца геі, сталі больш жорсткімі і выдасканаленымі, а ўжываюцца яны ня толькі ў адносінах да мужчын, але і да жанчын. Затрыманых, у прыватнасьці, ня кормяць, пояць бруднай вадой, якая засталася пасьля мыцьця падлогі, зьбіваюць і гвалцяць электрашокавымі дубінкамі, мужчын стрыгуць і голяць, апранаюць у жаночую вопратку і прымушаюць зьвяртацца адзін да аднаго жаночымі імёнамі.

У пачатку студзеня Расейская ЛГБТ-сетка паведаміла, што ў Чачні пачалася новая хваля рэпрэсій супраць геяў і лесьбіянак. Паводле зьвестак арганізацыі, з канца сьнежня ў рэспубліцы былі незаконна затрыманыя як мінімум 40 мужчын і жанчын, двое мужчын памерлі ад катаваньняў.

Карэспандэнту Радыё Свабода ўдалося пагутарыць з адным з пацярпелых. Ён распавёў, што яго ўтрымлівалі ў нейкай сакрэтнай турме (але не ў Аргун) разам зь сямю іншымі маладымі людзьмі. Усе затрыманыя прайшлі праз жорсткае зьбіцьцё і катаваньні токам, як мінімум трое з іх, у тым ліку суразмоўца Радыё Свабода, былі пасьля перададзеныя родным.

Улады Чачні адмаўляюць сьцьвярджэньні аб новай хвалі перасьледаў ЛГБТ у рэспубліцы. Альва Карымаў, прэс-сакратар кіраўніка Чачні Рамзана Кадырава, заявіў «Інтэрфаксу», што «ніякіх затрыманьняў па прыкметах сэксуальнай арыентацыі» ў Чачні «не было і не магло быць».

Летам мінулага году Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы аднагалосна прыняла рэзалюцыю, у якой запатрабавала ад Расеі расьсьледаваць парушэньні правоў ЛГБТ-супольнасьці і пакараць вінаватых.

Пачынаючы з красавіка 2017 году, Расейская ЛГБТ-сетка эвакуявала з Чачні каля 150 чалавек. Больш за 130 чалавек пакінулі Расею.

XS
SM
MD
LG