Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэмакратыя прамога дзеяньня. Як працуе палітычная сыстэма Швайцарыі


Бэрн, сталіца Швайцарыі
Бэрн, сталіца Швайцарыі

У гэтай дзяржаве кожны новы год мяняецца прэзыдэнт, грамадзяне вырашаюць, прымаць ці не той ці іншы закон, а заробкі дэпутатаў парлямэнту параўнальныя зь сярэднім па краіне. Гэтая дзяржава — Швайцарыя, расказвае «​Настоящее время».​

Кожныя чатыры гады швайцарцы выбіраюць дэпутатаў парлямэнту, якія, у сваю чаргу, выбіраюць ўрад, Фэдэральную раду зь сямі чалавек. Чатыры самыя вялікія партыі Швайцарыі прадстаўленыя ва ўрадзе яшчэ з часоў Другой сусьветнай вайны, кажа Клёэ Янс (Cloé Jans), палітоляг з Інстытуту сацыяльных дасьледаваньняў GFS. BERN.


Функцыю прэзыдэнта фактычна па чарзе выконваюць чальцы ўраду. Тэрмін швайцарскага прэзыдэнцтва доўжыцца адзін каляндарны год: з 1 студзеня па 31 сьнежня. Прэзыдэнт не атрымлівае нейкіх дадатковых правоў, гэта цырыманіяльная роля на адзін год, якая робіць яго першым сярод роўных. Сярод функцый прэзыдэнта — сустрэчы зь лідэрамі іншых дзяржаў. Кіраўніком дзяржавы ў традыцыйным сэнсе ў Швайцарыі зьяўляецца Фэдэральная рада, кожны зь сямі чальцоў якой мае роўныя правы.

Клёэ Янс
Клёэ Янс

Што такое прамая дэмакратыя

«Грамадзяне могуць выступаць з заканадаўчай ініцыятывай, а таксама праз рэфэрэндум удзельнічаць у прыняцьці законаў на дзяржаўным або мясцовым узроўні. Гэта вельмі спэцыфічная рыса нашай сыстэмы, у такой форме гэтага няма ні ў адной іншай краіне», — кажа палітоляг Клёэ Янс.

У Швайцарыі людзі маюць магчымасьць галасаваць ня толькі за палітыкаў: яны вырашаюць, ці жадаюць заключаць міжнародную дамову зь якой-небудзь краінай ці не, ці варта выдзяляць грошы на новую дарогу ў нейкім рэгіёне. Можна заблякаваць і ўжо прынятае ўрадам і парлямэнтам рашэньне.

Тэхнічна прамая дэмакратыя працуе так: калі законапраект не падабаецца як мінімум сямі грамадзянам, яны ўтвараюць ініцыятыўную групу. Яна зьбірае 50 тысяч подпісаў за правядзеньне агульнанацыянальнага рэфэрэндуму, на якім швайцарцы большасьцю галасоў вырашаюць, ці будуць яны жыць з гэтым законам.

«Грамадзяне могуць адхіліць кожны законапраект, зацьверджаны ўрадам і парлямэнтам», — кажа Клёэ.

Акрамя рэфэрэндуму, можна вылучыць свой законапраект або прапанаваць зьмены ў закон, толькі подпісаў трэба сабраць больш. Галасаваньне ў Швайцарыі аб розных ініцыятывах і законапраектах адбываюцца чатыры разы на год. У 2017 годзе швайцарцы адхілілі такім чынам праект пэнсійнай рэформы.

Урад Швайцарыі (справа - кіраўнік Фэдэральнай канцылярыі, які не ўваходзіць у склад ураду)
Урад Швайцарыі (справа - кіраўнік Фэдэральнай канцылярыі, які не ўваходзіць у склад ураду)


На рэфэрэндумах зацьвярджаюць нават не палову народных ініцыятываў, а ўсяго каля 10%. Нядаўна галасавалі з нагоды прапановы субсыдаваць фэрмэраў, якія не сьпілоўваюць каровам рогі. Яна не прайшла.

«Прамая дэмакратыя ляжыць у аснове ўсёй сыстэмы. Гэта важны момант ідэнтыфікацыі для нашых людзей, гэта тое, што трымае ўсіх нас разам», — кажа Клёэ Янс.

Таксама яна адзначае, што, акрамя прамой дэмакратыі, важнай рысай швайцарскай палітычнай сыстэмы ёсьць фэдэралізм, які дазваляе максымальна канцэнтраваць палітычную ўладу на мясцовым узроўні, і кансацыяналізм, гэта значыць уладам неабходна ўлічваць думкі максымальнай колькасьці розных групаў насельніцтва.

Дэпутаты на палову стаўкі

Швайцарскі парлямэнт двухпалатны, прычым абедзьве палаты маюць роўныя правы. У ім прадстаўленыя ўсе, нават самыя маленькія кантоны. Але самае цікавае, што парлямэнт у Швайцарыі паўпрафэсійны. Каля 80% народных выбраньнікаў сумяшчаюць дэпутацкую дзейнасьць зь нейкай іншай працай.

«Ідэя паўпрафэсійнага парлямэнту ў тым, што не павінна зьяўляцца сацыяльная кляса палітыкаў, а дэпутаты, якія прадстаўляюць грамадзян у парлямэнце, павінны быць вельмі шчыльна зьвязаныя з жыцьцём звычайных людзей і лепш аказваць іх інтарэсы, — тлумачыць Клёэ. — Вядома, ня варта гэтую ідэю ідэалізаваць, бо палітыка — гэта вялікая праца і займае шмат часу. І апошнім часам колькасьць прафэсійных дэпутатаў расьце».

Коўзанка побач з будынкам парлямэнту
Коўзанка побач з будынкам парлямэнту

Нацыянальная тэлерадыёкампанія Швайцарыі ў 2016 годзе паведамляла, што дэпутацкія заробкі толькі на 20% перавышаюць сярэдні заробак у краіне. Але калі ўлічыць разнастайныя надбаўкі на паездкі, памочнікаў ды іншыя працоўныя выдаткі, выходзіць больш, кажа Клёэ Янс: «У сярэднім дэпутат парлямэнту зарабляе, я думаю, каля 150 тысяч за год. На месяц гэта 12 тысяч франкаў, а наагул сярэдні заробак у Швайцарыі — 6 500 франкаў за месяц».

Непразрыстыя фінансы

Швайцарская палітычная сыстэма дае падставу ня толькі для захапленьня, але і для крытыкі, прызнаецца палітоляг:

«Эўрапейская рада пастаянна нам вымаўляе за тое, што ў Швайцарыі няма закону аб празрыстасьці фінансаваньня палітычных партыяў. Агулам кажучы, гэта такая чорная дзірка. Але цяпер акурат ёсьць ініцыятыва наконт гэтага пытаньня і, магчыма, неўзабаве наша краіна будзе вырашаць гэта на народным галасаваньні».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG