Турэцкае выданьне Bosphorus Naval News апублікавала ў сацсетках кадры праходу эсьмінца ЗША Donald Cook праз Басфорскую пратоку ў Чорнае мора.
«Эсьмінец Donald Cook прайшоў праз Стамбул 19 студзеня 2019 у паўночным кірунку. Першы кадр: перасоўваньне гэтага эсьмінца. Другі кадр: перасоўваньне эсьмінца ВМС ЗША ў Чорнае мора», — гаворыцца ў подпісе да фатаграфіяў.
19 студзеня ў Нацыянальным цэнтры кіраваньня абаронай Расеі заявілі, што адсочваюць знаходжанльне эсьмінца ЗША ў Чорным моры.
Кіраўнік місіі Ўкраіны пры NATO Вадзім Прыстайка раней заявіў, што ў Чорнае мора ўсё часьцей заходзяць караблі Альянсу.
25 лістапада расейскія сілавікі непадалёк Керчанскай пратокі адкрылі агонь па ўкраінскіх караблях, захапілі іх і 24 членаў іх экіпажаў. Трое маракоў пры гэтым былі параненыя. Усіх захопленых ўкраінцаў трымаюць у СІЗА ў Маскве. Украінскія ўлады прызнаюць іх ваеннапалоннымі.
Дзеяньні Расеі ў раёне Керчанскай пратокі крытыкуюць у шэрагу эўрапейскіх краін і ў ЗША. У NATO заявілі, што ўважліва сочаць за разьвіцьцём падзеяў у Керчанскай пратоцы, і заклікалі да стрыманасьці і дээскаляцыі напружаньня.