Лінкі ўнівэрсальнага доступу

60 год БССР. Юбілей з пагрозай лятальнага зыходу


Урачыстае пасяджэньне ЦК КПБ і Вярхоўнага Савета БССР, прысьвечанае 50-годзьдзю БССР
Урачыстае пасяджэньне ЦК КПБ і Вярхоўнага Савета БССР, прысьвечанае 50-годзьдзю БССР

Думкі гісторыка Алеся Краўцэвіча.

Прызнаюся, і хіба буду не самотны ў такім прызнаньні, што ў БССР мне ўвогуле падабалася. Галоўная прычына — быў малады, стройны і падабаўся дзяўчатам. Энэргія біла праз край, наперадзе было ўсё жыцьцё — хвалююча-цудоўнае хоць і трохі туманнае.

Я адчуваў над сабой клопат патэрналісцкай дзяржавы — стыпэндыю плацяць, калі вучысься добра, маеш павышаную, інтэрнат — без праблемаў, на вуліцы Сьвярдлова, 34 — № 1 БДУ. Што з таго, што чацьвёра ў адным пакоі, туалет і ўмывалка ў канцы калідора, а вада толькі халодная і душ у падвале, адкрыты не ўсе дні тыдня.

Неяк не па сабе ў савецкай Беларусі стала ўпершыню на другім курсе ў 1978 г., калі мяне пачалі прэсаваць за збор подпісаў у абарону аднакурсьніка. Але гэта хоць павучальная, але іншая гісторыя.

Сапраўды вострыя эмоцыі, блізкія да панікі, я перажыў у 60-ю гадавіну БССР 1 студзеня 1979 г., калі нас студэнтаў гістфака ў абавязковым парадку пагналі на сьвяточны парад-дэманстрацыю. Рыхтавалі задоўга, заранёў склалі сьпісы (зьявіўся — расьпішыся), трэніравалі, выдалі адмысловую спартовую форму: ваўняныя чырвоныя касьцюмы зь белымі палосамі на рукавах і штанінах і ...белыя кеды. Вось на гэтых кедах я і пагарэў, дакладней на даверы да «мудра-апякунчай» савецкай дзяржавы. Бо, аказалася, што арганізатарам да лямпачкі, як студэнты будуць стаяць гадзінамі на марозе (было ніжэй — 20 С) у кедах (пэўна кеды выбралі, бо былі нашмат таньней за лыжныя чаравікі).

Алесь Краўцэвіч
Алесь Краўцэвіч

Яшчэ аказалася, што ня ўсе мае аднакурсьнікі такія даверлівыя да роднай савецкай дзяржавы. Хлопец з суседняга пакоя на маіх вачах абуўся ў нармальныя цёплыя зімовыя чаравікі чорнага колеру, толькі зьверху замазаў іх белай крэйдай (хто там здалёк разьбярэ, белае і белае). Але мая даверлівасьць і дысцыплінаванасьць не пахіснуліся — калі было ўказаньне абуць кеды, значыць кеды.

Потым мы некалькі гадзін стаялі на праспэкце каля ГУМа, чакалі чаргі на праходку. Забегчы пагрэцца не было куды — усё зачынена, сысьці азначала разьвітацца з унівэрсытэтам. Ад адмаражэньня пальцаў на нагах мяне ўратавалі стомэтроўкі, якія я бесьперапынна бегаў туды і назад між ГУМам і Кастрычніцкай плошчай.

Потым нас са сьцягамі на доўгіх мэталёвых жэрдках прапусьцілі перад урадавай трыбунай і ўжо не было ніякага намёку на роўныя шэрагі — ішлі, зьбіўшыся ў кучу (так цяплей), і яшчэ з гадзіну гэтай кучай стаялі ля ганку Палаца прафсаюзаў — стваралі сьвяточны фон.

Глядзелі на салдацікаў, якія рабілі жывыя піраміды на мэталёвых каркасах. Глядзелі амаль з жахам, бо мы хоць маглі рухацца, а ім — стаяць нерухома, узяўшыся за рукі, невядома колькі часу. Не сумняваюся, што там без абмаражэньняў не абышлося, толькі хто, якая газэта будзе пра гэта паведамляць у савецкай Беларусі?!

Той юбілей запомніўся да канца жыцьця, але і атрыманы вопыт не прайшоў марна. Пра год і дзесяць месяцаў я ўжо цалкам сьвядома, можна сказаць, з асаблівым цынізмам, ухіліўся ад іншай урачыстасьці савецкай Беларусі — пахаваньня яе галоўнага камуніста Пятра Машэрава.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG