Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэр «Правага сэктару» патлумачыў, чаму і як гатовы дапамагчы Лукашэнку


Андрэй Тарасенка

Украінская вайскова-палітычная і нацыяналістычная арганізацыя «Правы сэктар» заявіла, што гатовая падтрымаць Аляксандра Лукашэнку ў канфлікце з Расеяй.

Пра гэта гаворыцца ў заяве, якую распаўсюдзіла арганізацыя. У «Правым сэктары» лічаць, што паўстала пытаньне страты Беларусьсю дзяржаўнасьці і ўзмацненьня «нэасавецкай арды».

У выпадку скасаваньня «саюзнай дамовы» беларускім бокам «Правы сэктар» абяцае падтрымаць Аляксандра Лукашэнку ў канфлікце з Крамлём, усімі даступнымі мэтадамі лябіяваць ва Ўкраіне і на міжнароднай арэне падтрымку Беларусі. Пры неабходнасьці аказаць вайсковую добраахвотніцкую падтрымку.

Пра гатоўнасьць «Правага сэктару» ваяваць з Расеяй за Беларусь у інтэрвію Свабодзе расказаў лідэр арганізацыі Андрэй Тарасенка.

— Некаторыя палітычныя аглядальнікі перакананыя, што ў апошняй спрэчцы Лукашэнкі з Крамлём няма нічога новага і што яна нават карысная афіцыйнаму Менску. Што прымусіла «Правы сэктар» зрабіць такую заяву?

Андрэй Тарасенка
Андрэй Тарасенка

— Мы бачылі сустрэчы Лукашэнкі з Пуціным і ведаем аб працягу размоваў пра аб’яднаньне ў адну дзяржаву. Як украінскія нацыяналісты мы вельмі гэтага не хацелі б. Кожнае пашырэньне расейскай імпэрыі пагражае таксама і нам. Задача якіх-хаця нацыяналістаў зрабіць так, каб расейскай імпэрыі не існавала, а існавалі нацыянальныя дзяржавы, як украінская, беларуская, татарская, башкірская.

— У заяве вы пішаце менавіта пра Лукашэнку. А гэта ён падпісваў «саюзную дамову» і нават ініцыяваў інтэграцыю з Расеяй. Вы тут ня бачыце супярэчнасьці?

— Ідзецца хутчэй не пра падтрымку Лукашэнкі і ягоных цяперашніх дзеяньняў. У заяве мы патлумачылі, што ёсьць умова. Яна палягае на тым, што мы б дапамаглі Беларусі, калі б Лукашэнка пайшоў на разрыў адносінаў з Пуціным. Мы гатовыя падтрымаць гэты крок. Калі б раптам адбыўся такі ваенны канфлікт, як у нас, то мы зрабілі б тое самае, што рабілі беларускія добраахвотнікі ва Ўкраіне. Як яны дапамагаюць нам, так і мы дапамагалі б беларусам.


— А вы думаеце, што калі б Лукашэнка разарваў саюзную дамову 1999 году, то Расея выкарыстала б сілу супраць Беларусі?

— Так. Мы ўжо назіралі за такім працэсам у нас у краіне, калі мы выгналі Януковіча і разьвярнуліся сьпінаю да Масквы. Адразу пасьля гэтага адбылася анэксія Крыму і ваенны канфлікт на Данбасе, акупацыя нашых земляў. Тое самае было з Грузіяй ды іншымі краінамі. Нічога новага Расея не прыдумляе.

— Аляксандар Лукашэнка ня раз крытыкаваў нацыяналізм, ён называе сябе «рускім чалавекам». Вы ўпэўненыя, што яму была б патрэбная ваша дапамога і што ён не пасадзіў бы ўсіх вашых ваяроў у турму?

— Мы ня маем на ўвазе канкрэтна яго. Мы кажам пра беларускую нацыю, нам важная беларуская дзяржава. Лукашэнка сёньня ёсьць, а заўтра яго ня будзе. У нас увогуле ёсьць думка, што яму ўжо мала засталося. З такімі няпэўнымі хаўрусьнікамі Масква распраўляецца вельмі хутка. Мы ж бачым, як яны дзейнічаюць па ўсім сьвеце. Могуць лёгка атруціць кожнага, хто ім замінае.


— А як вы ацэньваеце яго стаўленьне да Ўкраіны?

— Мы блізкія народы і краіны. Таму і сябраваць з Украінай яму хочацца. Ён можа гэта рабіць роўна настолькі, наколькі яму дазваляе Масква. Калі б не Масква, то сяброўства нашых народаў было б значна бліжэйшае.

— І вам не замінае тое, што ён казаў пра фінансаваньне «Правага сэктара» Януковічам?

— Цікава, адкуль у яго такая інфармацыя? Януковіч яму сказаў? (сьмяецца).

— А наколькі вашая арганізацыя сёньня вялікая, каб дапамагаць добраахвотнікамі ў выпадку гіпатэтычнага канфлікту?

— Я не хацеў бы пра гэта гаварыць, бо ў гэтым няма ніякага сэнсу. Мы ўжо неаднаразова даказвалі, што калі ёсьць патрэба і магчымасьць, то нашыя сілы растуць у геамэтрычнай прагрэсіі. Гэта было даказана на Майдане, калі зь некалькіх дзясяткаў чалавек «Правы сэктар» ператварыўся за пару дзён у некалькі сотняў. А калі пачалася вайна, то нас сталі тысячы. У гэты момант нашыя сілы невялікія, бо ня бачым патрэбы трымаць вялікія сілы на фронце. Але калі спатрэбіцца, то добраахвотнікаў будзе шмат.

— А як вы самі ацэньваеце баявы дух беларусаў? Апытаньні паказваюць, што большасьць насельніцтва гатовыя бараніць сваю краіну. Але шмат хто крытыкуе войска, якое выхоўвае ў салдатаў постсавецкі патрыятызм уперамешку з павагай да Суворава. Адсюль пэсымізм, што такая армія ня будзе бараніць краіну ад Расеі, бо Расея ж «свая».


— Мы ня кажам, што будзем ваяваць замест беларусаў. Гаворка пра падтрымку. Калі беларусы будуць ваяваць за сваю зямлю, то мы гатовыя ім дапамагчы. А не наадварот. Мы цудоўна разумеем настрой беларусаў, ведаем аб прарасейскіх настроях і расейскіх героях у арміі. Але ва Ўкраіне было тое самае. Мы ж таксама былі і ў Расейскай імпэрыі, і ў СССР. Але пасьля, нават у гады незалежнасьці, уся гэтая мэнтальнасьць надалей культывавалася. Уявіце: у нас няма сувораўскага вучылішча ад 1998 году, яго перайменавалі. Але ў двары там усё яшчэ стаіць помнік Сувораву, і толькі цяпер ідуць размовы, каб яго прыбраць. Але гэта ніякім чынам не перашкодзіла ўкраінцам узьняцца, ніяк не ўплывала на нацыянальны дух. За некалькі месяцаў да Майдану ў нас былі такія ж настроі, як цяпер у беларусаў. Але ў адзін момант здарыўся цуд. Я ўпэўнены, што такі цуд можа здарыцца і зь беларусамі, і зь іншымі нацыямі.

— Журналіст Анджэй Пачобут напісаў у сваім Фэйсбуку, што сваёй заявай «Правы сэктар» падтрымаў Крэмль, ствараючы магчымасьць расейскай прапагандзе дыскрэдытаваць Менск у вачах расейцаў, якія глядзяць расейскую тэлевізію.

— Само існаваньне «Правага сэктару» Крэмль заўсёды выкарыстоўваў як карцінку для сябе. Але гэта абсалютна ня значыць, што нам ня варта існаваць. Яны заўсёды будуць перакручваць і хлусіць. Мы гэта бачылі сотні разоў. Мы нібыта елі расейскамоўных немаўлят, хаця, здавалася б, немаўля таму і немаўля, што яно не размаўляе. Але яны кажуць пра гэта сур’ёзна. Нам гэта не замінае дзейнічаць.

— Ці магчыма, на вашу думку, што Беларусь адарвецца ад Расеі без канфлікту?

— Гэта магчыма толькі ў тым выпадку, калі існаваньне РФ у такім стане, як цяпер, спыніцца. Калі імпэрыя разваліцца, то можна будзе адарвацца ад Расеі чым далей ня толькі нам і беларусам, але і многім іншым народам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG