Другі саміт прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа і паўночнакарэйскага лідэра Кім Чэн Ына адбудзецца ў канцы лютага, заявілі ў Белым доме адразу пасьля завяршэньня сустрэчы Трампа з Кім Ён Чхолем, высокапастаўленым чыноўнікам з КНДР.
Сустрэча працягвалася паўтары гадзіны, Трамп і прадстаўнік Паўночнай Карэі абмеркавалі ядзернае раззбраеньне і другі саміт, які адбудзецца ў канцы лютага. Як сказала прэс-сакратар Белага дома Сара Сандэрс, Трамп зь нецярпеньнем чакае сустрэчы з Кімам. Пра месца саміту будзе паведамлена пазьней.
Раней тэлеканал CNN са спасылкай на ўласную крыніцу, знаёмую з ходам перамоваў, паведаміў, што Кім Ён Чхоль прывёз у Вашынгтон асабістае пасланьне ад Кім Чэн Ына Дональду Трампу.
За некалькі гадзінаў да прыбыцьця Кім Ён Чхоля ў ЗША Трамп прадставіў абноўленую стратэгію ў сфэры касьмічнай проціракетнай абароны. КНДР у гэтым дакуменце фігуруе ў якасьці «пастаяннай і выключнай пагрозы» бясьпекі.
Папярэдняя сустрэча Трампа і Кім Чэн Ына прайшла 12 чэрвеня 2018 году ў Сынгапуры. Кім Чэн Ын папрасіў аб новай сустрэчы з Трампам ужо ў верасьні.