Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Нямеччыне расьсьледуюць датычнасьць прарасейскага журналіста да падпалу ва Ўкраіне 


Мануэль Оксэнрайтэр у Луганску ў 2014 годзе
Мануэль Оксэнрайтэр у Луганску ў 2014 годзе

У Нямеччыне пачалі крымінальнае расьсьледаваньне ў дачыненьні да прарасейскага журналіста Мануэля Оксэнрайтэра. Раней грамадзяне Польшчы, якіх цяпер судзяць за падпал Вугорскага культурнага цэнтру ў горадзе Ужгарад ў Закарпацкай вобласьці Ўкраіны, абвінавацілі яго ў арганізацыі гэтага злачынства.

У паліцыі Бэрліну нашаму карэспандэнту пацьвердзілі паведамленьні газэты Die Zeit пра тое, што Оксэнрайтэра падазраюць у «падпальніцтве, якое прывяло да сур’ёзных наступстваў».

Гаворка пакуль толькі пра папярэдняе расьсьледаваньне, абвінавачваньні Оксэнрайтэру не выстаўленыя.

Некалькімі днямі раней на судзе ў Кракаве 28-гадовы Міхал Пракаповіч, заявіў, што ідэя падпаліць летась у лютым Вугорскі культурны цэнтар зыходзіла ад Оксэнрайтэра, які нібыта заплаціў за падпал.

Пры падпале ніхто не пацярпеў, аднак інцыдэнт ўскладніў і без таго напружаныя адносіны паміж Украінай і Вугоршчынай. У Будапэшце абвінавацілі Кіеў у перасьледзе вугорскай меншасьці ў Закарпацьці.

Оксэнрайтэр нярэдка выступаў з антыўкраінскімі выказваньнямі ў этэрах Першага каналу расейскага тэлебачаньня і Russia Today. Ён часта езьдзіў у анэксаваны Крым і нават быў «назіральнікам ад Нямеччыны» на выбарах у самаабвешчаных Данецкай і Луганскай «народных рэспубліках» на ўсходзе Ўкраіны.

Апошнія некалькі месяцаў ён таксама быў памочнікам дэпутата Бундэстагу ад правапапулісцкай «Альтэрнатывы для Нямеччыны». Дэпутат Маркус Фронмаер у пятніцу паведаміў Радыё Свабода, што Оксэнрайтэр добраахвотна пакінуў пасаду ягонага кансультанта.

У перапісцы з карэспандэнтам Радыё Свабода ў сацыяльнай сетцы «Укантакце» Оксэнрайтэр раней катэгарычна адпрэчыў сваю датычнасьць да падпалу Вугорскага культурнага цэнтру, назваўшы гэтую вэрсію «лухтой».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG