Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вугорскі прэм’ер Віктар Орбан наведаў Берасьце як заўзятар 


Віктар Орбан і расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін падчас спаборніцтваў па дзюдо ў Будапэшце, 2017 год. Ілюстрацыйнае фота

Таварыскі матч паміж зборнымі Беларусі і Вугоршчыны, які прайшоў увечары 6 чэрвеня ў Берасьці, наведаў вугорскі прэм’ер-міністар Віктар Орбан.

Гэтую інфармацыю пацьвердзіў прэс-сакратар Беларускай фэдэрацыі футболу Аляксандар Алейнік. Як сказаў ён у камэнтары сайту Naviny.by, візыт меў прыватны характар, а пра тое, што кіраўнік ураду хоча трапіць на берасьцейскую арэну, у фэдэрацыі даведаліся за некалькі дзён да матчу.

«Віктар Орбан кантактаваў з кіраўніком фэдэрацыі Сяргеем Румасам. Але, з улікам статусу візыту, размова мела неафіцыйны характар. Яны проста глядзелі футбол», — сказаў Аляксандар Алейнік.

Апошні раз прэм’ер-міністар Вугоршчыны сустракаўся з высокапастаўленымі беларускімі чыноўнікамі летась: 27 лістапада на саміце кіраўнікоў урадаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы ў Будапэшце ён перамовіўся са сваім калегам Андрэем Кабяковым.

Віктар Орбан вядомы як вялікі аматар футболу і актыўны заўзятар. Ён рэгулярна наведвае гульні нацыянальнай зборнай, сам доўгі час выступаў за аматарскую каманду.

Якім чынам прэм’ер-міністар Вугоршчыны трапіў у Беларусь, дакладна невядома. Начальнік Берасьцейскага філіялу прадпрыемства «Белаэранавігацыя» Вадзім Губарэвіч сказаў, што інфармацыя пра візыт носіць закрыты характар.

Тым ня меней, паводле дадзеных flightradar24, самалёт Airbus321 вугорскай лоўкост-кампаніі Wizz Air (рэйс W69981 з Будапэшту) прызямліўся на берасьцейскім лётнішчы за дзень да матчу, 5 чэрвеня, у 17:40. І адляцеў назад у Будапэшт 6 чэрвеня ў 23:50, гэта значыць, неўзабаве пасьля завяршэньня футбольнай сустрэчы.

Матч завяршыўся ўнічыю — 1:1.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG