Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску можна будзе пакінуць запіс у кнізе спачуваньняў у сувязі са сьмерцю мэра Гданьску

Павал Адамовіч
Павал Адамовіч

У Польшчы ў сувязі са сьмерцю мэра Гданьску Паўла Адамовіча прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда прыняў рашэньне абвясьціць нацыянальную жалобу з 18 студзеня (з 17.00) па 19 студзеня (да 19:00) 2019 г.

Пасольства Польшчы ў Менску паведаміла сёньня, што кніга спачуваньняў у сувязі са сьмерцю Адамовіча будзе адкрыта ў панядзелак, 21 студзеня, з 10:00 да 15:00.

Пакінуць запіс у кнізе спачуваньня можна ў Пасольстве Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь па адрасе: вул. Зьмітрака Бядулі, 11, г. Менск (10-ы паверх).

Мэр Гданьску Павал Адамовіч атрымаў нажавыя раненьні 13 студзеня падчас фіналу дабрачыннай акцыі «Вялікі аркестар сьвяточнай дапамогі» ў Гданьску. На наступны дзень ён памёр у бальніцы. 27-гадоваму нападніку Стэфану В. пагражае пажыцьцёвае зьняволеньне.

Пахаваньне Паўла Адамовіча пройдзе ў суботу, 19 студзеня. Жалобнае набажэнства адбудзецца ў базіліцы Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Дзевы Марыі ў Гданьску. Там жа будзе пахаваная і урна з прахам трагічна загінулага мэра. Такім было пажаданьне сям’і Паўла Адамовіча, якое падтрымалі дзяржаўныя ўлады і гданьскі арцыбіскуп.

XS
SM
MD
LG