Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы маем справу з ворагам». У Кангрэсе ЗША выступілі за захаваньне санкцый да алігарха Дзерыпаскі


Расейскі алігарх Алег Дзерыпаска
Расейскі алігарх Алег Дзерыпаска

Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША прыняла ў чацьвер законапраект, у якім гаворыцца аб неабходнасьці працягу санкцыйнага рэжыму ў дачыненьні кампаній, зьвязаных з расейскім алігархам Алегам Дзерыпаскам. Чакаецца, што адміністрацыя Трампа адменіць санкцыі супраць кампаній Дзерыпаскі, уключаючы алюмініевага гіганта «Русал», у найбліжэйшую пятніцу, 18 студзеня, паведамляе «Голас Амэрыкі».

362 кангрэсмэны Палаты прадстаўнікоў прагаласавалі за прыняцьце законапраекту. Толькі 53 чалавекі выказаліся супраць. Аўтары рэзалюцыі асуджаюць рашэньне Мінфіну аб зьняцьці санкцый супраць кампаній Алега Дзерыпаскі, у тым ліку «Русал», яе мацярынскую кампанію En+ і «Евросибэнэрго».

У той жа час галасаваньне было ў большай ступені сымбалічным. Падобны законапраект ня быў зацьверджаны ў сераду ў Сэнаце, большасьць месцаў у якім займаюць рэспубліканцы. Гэта азначае, што дакумэнт ня будзе прыняты і ня будзе падпісаны прэзыдэнтам Трампам.

У чацьвер лідэр сэнацкіх дэмакратаў Чак Шумер зноў паспрабаваў вынесьці законапраект на разгляд сэнатараў, аднак вядучы рэспубліканец у Сэнаце Мітч Макконэл заблякаваў гэтую ініцыятыву.

Многія заканадаўцы абедзьвюх партый у Палаце прадстаўнікоў заявілі, што зьняцьце санкцый з кампаній Дзерыпаскі, які ўваходзіць у акружэньне Ўладзіміра Пуціна, непрымальнае.

«Мы маем справу з ворагам. Расьсьледаваньне (справы аб расейскім умяшаньні) у самым разгары», — заявіла напярэдадні галасаваньня кангрэсвумэн Максін Уотэрс, кіраўніца камітэту фінансавых паслуг Палаты прадстаўнікоў.

Другі па значнасьці дэмакрат у Палаце прадстаўнікоў Стэні Хоер напісаў у чацьвер міністру фінансаў Стывэну Мнучыну, папрасіўшы яго пачакаць здымаць санкцый супраць кампаній Дзерыпаскі. Паводле яго, у кангрэсмэнаў усё яшчэ шмат пытаньняў з нагоды гэтага рашэньня. Мінфін пакуль не адказаў на запыт кангрэсмэна.

Прадстаўнікі Белага дома і многія рэспубліканцы кажуць пра тое, што працяг санкцый супраць «Русала» можа нэгатыўна адбіцца на глябальнай індустрыі ў вытворчасьці алюмінію. Яны нагадваюць, што Дзерыпаска пазбавіўся ад большасьці акцый ва ўсіх ягоных кампаніях і што ён больш не кантралюе іхную дзейнасьць.

Сам Алег Дзерыпаска, згодна з плянам Адміністрацыі, застаецца пад амэрыканскімі санкцыямі.

Алег Дзерыпаска стаў ключавой фігурай у стасунках ЗША з Расеяй. Адзін з найбагацейшых людзей Расеі, блізкі да прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна, ён меў дзелавыя сувязі з мэнэджэрам выбарчай кампаніі прэзыдэнта Трампа Пола Манафорта. Як сьцьвярджае «The New York Timеs», Пол Манафорт падчас прэзыдэнцкай кампаніі 2016 году ў ЗША нібыта прапанаваў Дзерыпаску прыватныя брыфінгі пра кампанію Дональда Трампа.

У пачатку 2018 году расьсьледаваньне Фонду барацьбы з карупцыяй расейскага апазыцыянэра Аляксея Навальнага выкрыла сувязі намесьніка расейскага ўраду Сяргея Прыходзькі з алігархам Алегам Дзерыпаскам.

Навальны выйшаў на гэтую тэму праз інстаграм беларускі Насьці Рыбкі (Настасьсі Вашукевіч). Улетку 2016 году алігарх і чыноўнік, плаваючы разам на яхце, нібыта абмяркоўвалі ўмяшаньне ў амэрыканскія выбары. На гэтай яхце ў ліку іншых дзяўчат з эскорт-агенцтваў была і Насьця Рыбка. Пазьней яна расказала, што адбывалася на Дзерыпаскавай яхце, у сваёй кнізе і сацыяльных сетках.

6 красавіка 2018 году ЗША ўвялі санкцыі супраць Дзерыпаскі і падкантрольных яму кампаній у адпаведнасьці з законам аб супрацьстаяньні праціўнікам Амэрыкі, указаўшы на блізкасьць бізнэсоўцы да Крамля. Пазьней у Вашынгтоне заявілі, што гатовыя разгледзець зьняцьце санкцый. У якасьці адной з умоваў называлася зьніжэньне долі Дзерыпаскі ў капітале кампаній.

20 сьнежня ЗША вырашылі зьняць санкцыі з кампаній з групы кампаній En + Group, UC Rusal («Русал») і EuroSibEnergo (ААТ «Евросибэнерго»), якія належаць Дзерыпаску, але не самога расейскага алігарха.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG