Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Facebook выдаліў акаўнты, зьвязаныя з расейскім агенцтвам Sputnik


Штаб-кватэра мэдыягрупы «Россия сегодня»
Штаб-кватэра мэдыягрупы «Россия сегодня»

Карпарацыя Facebook 17 студзеня выдаліла каля 300 акаўнтаў, якія публікавалі спасылкі на публікацыі расейскага дзяржаўнага агенцтва «Россия сегодня», перадусим онлайн-агенцтва Sputnik.

Тлумачачы гэта рашэньне, карпарацыя адзначыла, што гаворка ідзе пра розныя тэматычныя групы, ад палітычных да кулінарных, якія, аднак, былі аб’яднаны тым, што публікавалі кантэнт Sputnik, а мадэратары груп, зарэгістраваных у розных краінах былога СССР, былі зьвязаныя з гэтым агенцтвам.

На думку Facebook, гэта ўяўляе сабой скаардынаваныя неаўтэнтычныя паводзіны — іншымі словамі, групы распаўсюджвалі кантэнт «Россия сегодня», але пры гэтым фармальна не заяўлялі пра сваю сувязь з агенцтвам. Спэцыялісты Facebook, аднак, высьветлілі, што такая сувязь існавала: «нягледзячы на несапраўдныя дадзеныя, мы выявілі, што гэтыя старонкі і акаўнты былі зьвязаныя з супрацоўнікамі Sputnik».

Выдаленыя старонкі зьвярталіся да аўдыторыі больш як 10 краін былога СССР. Некаторыя зь іх мелі дзясяткі тысяч падпісчыкаў. Часта СМІ, якія ўваходзяць у «Россию сегодня», былі адзінымі, на якія спасылаліся ў гэтых групах. Адзначаецца, што публікаваліся спасылкі на матэрыялы, скіраваныя супраць NATO, а таксама пратэставага і антыкарупцыйнага руху ў Расеі. Публікаваліся спасылкі ня толькі на сайты «Россия сегодня», але і малюнкі і мэмы.

Дасьледчыкі Atlantic Concil прыводзяць шэраг прыкладаў такіх груп — гэта, у прыватнасьці, Latvia Travel, арыентаваная на карыстальнікаў з краін Балтыі, «Лідэр нацыі Эмамалі Рахмон» (для карыстальнікаў з Таджыкістану), «Казах у модзе пры любой пагодзе».

Кіраўнік Sputnik у Латвіі Валянцін Рожанцаў пацьвердзіў, што шэрагам фэйсбук-груп сапраўды кіравалі супрацоўнікі агенцтва. Ён назваў гэта нармальнай стратэгіяй прасоўваньня кантэнту. Сама карпарацыя «Россия сегодня» не камэнтавала здарэньне.

Паводле дадзеных Atlantic Council, усяго выдаленыя групы мелі больш як 850 тысяч падпісчыкаў, у той час як афіцыйныя старонкі агенцтва Sputnik у адпаведных краінах маюць менш як 500 тысяч падпісчыкаў.

Facebook падвергнуўся крытыцы ў Кангрэсе ЗША, а таксама ў Брытаніі і іншых краінах захаду праз тое, што не прыняў мер процідзеяньня так званай расейскай «фабрыцы троляў» падчас выбараў прэзыдэнта ЗША ў 2016 годзе. Тады былі створаныя тысячы акаўнтаў, якія займаліся палітычнай прапагандай, нацэленай на грамадзян ЗША. Іх паведамленьні бачылі дзясяткі мільёнаў карыстальнікаў.

Карпарацыя паабяцала змагацца з падобнымі зьявамі. 11 кастрычніка 2018 года Facebook, у прыватнасьці, выдаліў больш за 800 старонак і акаўнтаў у сацыяльных сетках Facebook і Instagram.

Раней былі выдаленыя, у прыватнасьці, акаўнты ў гэтых сетках кіраўніка Чачні Рамзана Кадырава, унесенага ў санкцыйны сьпіс ЗША.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG