Лінкі ўнівэрсальнага доступу

20 тэзісаў артыкула Пазьняка, які «перашкодзіў яму стаць прэзыдэнтам»


Зянон Пазьняк. Пратэст супраць расейскай вайсковай базы ў Беларусі. 2015 год, Нью-Ёрк.
Зянон Пазьняк. Пратэст супраць расейскай вайсковай базы ў Беларусі. 2015 год, Нью-Ёрк.

25 гадоў таму, 15 студзеня 1994 году, быў апублікаваны артыкул Зянона Пазьняка «О русском империализме и его опасности». Аўтара тады абвінавачвалі ў імкненьні «вбить клин между браскими народами», «распаліць міжнацыянальную варожасьць» і нават тлумачылі гэтым тэкстам пройгрыш Пазьняка на прэзыдэнцкіх выбарах.

Гэты тэкст Пазьняк напісаў яшчэ да таго, як Аляксандар Лукашэнка стаў прэзыдэнтам, а Ўладзімер Пуцін — палітыкам. Лідэр БНФ тлумачыў, што і пры «дэмакратычнай» уладзе Расея не пазбавілася імпэрскіх комплексаў.

Артыкул выйшаў на расейскай мове. Спачатку Пазьняк занёс яго ў рэдакцыю «Советской Белоруссии», але там яго друкаваць адмовіліся. У выніку артыкул пабачыў сьвет у «Народнай газеце».

Свабода нагадвае галоўныя тэзісы нашумелага тэксту.

1. Ніякіх «садружнасьцяў» з Расеяй не павінна быць. Гэта пагібель беларускай эканомікі і беларускай незалежнай дзяржавы. Наш шлях — гэта шлях Балтыі, шлях вяртаньня ў Эўропу.

2. Былі (у Расеі. — РС) заявы па Севастопалі, па Чарнаморскім флёце, былі крывавыя правакацыі, былі разьвязаныя з удзелам расейскіх войскаў брудныя імпэрскія войны ў Малдове, Таджыкістане, Асэтыі, Грузіі, Абхазіі, Чачні. Новыя расейскія кіраўнікі ўжывалі старую імпэрскую палітыку — падзяляць народы і групы насельніцтва, нацкоўваць іх адзін на аднаго, зьнішчаць адных, выяжджаючы на сьпінах іншых (як у Абхазіі), захопліваць тэрыторыі, кіраваньне, маёмасьць і панаваньне праз залежных і падстаўных.


3. Яны зьбіраюцца «абараняць» правы нават не расейцаў, а «расейскамоўных», гэта значыць савецкай папуляцыі ў іншых краінах. Гэта азначае, што ня будуць прызнаныя ніякія нацыянальна-культурныя адраджэньні і дэмакратыя ў гэтых краінах. Гэта значыць, што будзе ціск і ўмяшаньне ва ўнутраныя справы сумежных краін.

4. Любыя палітыкі, якія сядзяць у Крамлі, незалежна ад іх асабістых поглядаў, будуць мець — хай у рознай меры — цягу да такога роду дзеяньняў: нацкоўваць суседнія дзяржавы адну на адну. Гэта дазволіла б перашкодзіць стварэньню на нашых межах саюзаў краін зь ясна выяўленай антырасейскай скіраванасьцю.

5. Новыя варыянты палітыкі Расеі: пастаяннае падсілкоўваньне прарасейскіх сілаў у палітычных і вайсковых колах сумежных краін, жорсткія дзеяньні расейскіх узброеных сілаў, якія ўсё яшчэ знаходзяцца ў многіх сумежных краінах, мэтанакіраваны эканамічны ціск.

6. Жырыноўскі ў юродзкай форме кажа тое ж самае, што кажуць і робяць яго намэнклятурна-дэмакратычныя апанэнты.

7. Утварыўся асаблівы гатунак жорсткага імпэрскага грамадзтва, дзе асоба нічым не абароненая, ні перад кім і ні перад чым. Асоба — нішто перад дзяржавай. Дзяржава, яе інтарэсы, імпэрыя — усё.

8. Імпэрская дзяржава з імпэрскай грамадзкай сьвядомасьцю, імпэрскай экстэнсіўнай палітыкай, са шматнацыянальнай структурай ня можа быць дэмакратычнай.

9. Ня будзе дэмакратычнай Расеі, пакуль будзе гэтая старая Расея. Дэмакратыя і імпэрыялізм несумяшчальныя.

10. Імпэрыя, паразытуючы на нацыянальных (народных, этнічных) культурах, руйнуе іх, спараджаючы хімэры. Імпэрыя ёсьць усясьветнае зло.

11. Імпэрскае грамадзтва антыдэмакратычнае, у ім няма цярпімасьці. Ня дзіва, што на расейскіх выбарах не было прадстаўлена ніводнай дэмакратычнай партыі. Усе яны стаялі на імпэрскіх пазыцыях.


12. У Расеі ідзе чарговая палітычная і эканамічная перабудова імпэрскай улады.

13. Украіна і Беларусь за два гады абрабаваныя, рынкавыя эканамічныя рэформы тут затарможаныя, фінансава-крэдытная сыстэма разьбітая, увядзеньне нацыянальнай валюты не дапушчана. Яшчэ высілак — і, калі наша краіна будзе канчаткова эканамічна разбурана, застанецца толькі «добраахвотна» загнаць яе зноў у расейскую імпэрыю.

14. У сытуацыі, якая склалася, выхаду з крызісу няма, пакуль да ўлады ня прыйдуць іншыя людзі, не намэнклятура. Г. зн., неабходныя новыя выбары новай народнай улады.

15. Нашы (БНФ. — РС) законапраекты, праграмы, канцэпцыі, прапановы па разьвіцьці эканомікі, грамадзтва і дзяржавы найбольш блізкія да таго шляху, па якім разьвіваецца Эстонія.

16. Наш шлях — гэта шлях балтыйскіх краін, шлях вяртаньня ў эўрапейскую цывілізацыю. Нельга нават фармальна ўваходзіць з Расеяй у якія-небудзь саюзы або садружнасьці (гэта ня тычыцца двухбаковых сувязяў і гандлю), каб не даваць падставаў для прымяненьня ў адносінах да Беларусі імпэрскай палітыкі.

17. Спадарам расейскім дзялкам і карпарацыям мы ня раілі б, карыстаючыся здрадай і зладзейскім момантам, раскрываць рот на нашыя нафтавыя заводы і іншае. Можна моцна памыліцца.

18. На шляху да свабоды і нацыянальна-культурнага адраджэньня народ павінен разьлічваць на свае сілы. У гэтай справе ня можа дапамагчы ніхто, калі само грамадзтва не сасьпела да свабоды.


19. Нашая нацыя глыбока і цяжка хворая. Працэс выздараўленьня ідзе павольна і цяжка, са спазьненьнем ва ўсьведамленьні таго, што адбываецца. Але гэты працэс незваротны, бо няма іншага шляху разьвіцьця нацыі з гістарычнага нябыту, як адраджэньне. Калі гаворка ідзе пра існаваньне народу, пра лёс нацыі — трэцяга шляху няма, спадары. І не шукайце яго.

20. Пачынаецца новы, 1994 год. Можна з упэўненасьцю сказаць, што ў новым годзе намэнклятура ўкрадзе яшчэ больш, чым у мінулым, тым больш што яна, па яе словах, вельмі любіць беларускі народ, такі спакойны і талерантны, які ў сваю чаргу па традыцыі любіць намэнклятуру і яе прадажны ўрад, які давёў той самы народ да крытычнага становішча. Надышоў апошні год намэнклятуры. Час няўмольны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG