Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад «Омск Карбон Магілёў» патрабуюць кампэнсацыі маральнай і матэрыяльнай шкоды


Прадпрыемства «Омск Карбон Магілёў»
Прадпрыемства «Омск Карбон Магілёў»

Трыццаць жыхароў вуліцы Паўлава ў Магілёве, а таксама прыгарадных вёсак Вейна і Навасёлкі зьвярнуліся ў пракуратуру Магілёўскай вобласьці з патрабаваньнем кампэнсацыі шкоды праз выкід сажы прадпрыемствам «Омск Карбон Магілёў», паведамляе БелаПАН.

У звароце ў пракуратуру грамадзяне просяць прыцягнуць да адказнасьці вінаватых у хімічным забруджваньні, паведаміць аб прынятых захадах, а таксама аб парадку кампэнсацыі маральнай і матэрыяльнай шкоды пацярпелым жыхарам Магілёва і Магілёўскага раёну.

«Асноўная прычына звароту — тое, што „Омск Карбон“ забруджвае навакольнае асяродзьдзе. Гэты завод ня будзе працаваць бясьпечна, як абяцалі ўлады. Таму трэба нешта рабіць. Мы вырашылі дамагацца, каб завод закрылі або перанесьлі куды-небудзь далей ад населеных пунктаў», — заявіў БелаПАН каардынатар ініцыятывы «За здаровы Магілёў», сустаршыня дабрачыннай арганізацыі «Водгук» Андрэй Бадзілёў.

Хоць, на ягоную думку, мэта і не здаецца дасяжнай, сучасныя тэхналёгіі дазваляюць такое зрабіць. «Вядома, гэта будзе шмат каштаваць уласьніку, аднак думаць трэба было раней. І нашым уладам варта было разумець, што гэта небясьпечна», — адзначыў Бадзілёў.

Пачаўся збор подпісаў пад зваротамі ў Савет Міністраў і Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. У іх гаворыцца, што службовыя асобы 18 сьнежня 2016 году пры грамадзкім абмеркаваньні справаздачы аб АУНА ЗТАА «Омск Карбон Магілёў» падманулі грамадзян, паведаміўшы недакладныя зьвесткі аб будаўніцтве станцыі пастаяннага кантролю за выкідамі забруджвальных рэчываў і разьмяшчэньні вынікаў у інтэрнэце, пасадцы хуткарослых дрэў, устойлівых да шкодных выкідаў.

«Цяпер няма кантролю за выкідамі шкодных хімічных рэчываў, пасаджаныя дрэвы не прыжыліся. У 2018 годзе забаронена купаньне ў сажалцы вёскі Вільчыцы Магілёўскага раёну з прычыны забруджваньня хімічнымі рэактывамі», — адзначаецца ў зваротах.

У канцы 2018 году на ЗТАА «Омск Карбон Магілёў» здарыўся выкід сажы, воблака якой накрыла прылеглую тэрыторыю. На месца пасьля тэлефанаваньня гараджанаў прыехала група хуткага рэагаваньня Магілёўскага рэгіянальнага ўпраўленьня Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя.

Эколягі правялі аналізы паветра і выявілі перавышэньне гранічна дапушчальнай канцэнтрацыі цьвёрдых крупінак у 40 разоў. «Омск Карбону» выдалі афіцыйнае прадпісаньне неадкладна прыпыніць вытворчасьць. Цяпер завод не працуе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG