Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вэнэсуэла абвінавачвае 11 краін Лацінскай Амэрыкі ў спробе дэстабілізацыі сытуацыі ў краіне

Нікаляс Мадура на цырымоніі інаўгурацыі, 10 студзеня 2019
Нікаляс Мадура на цырымоніі інаўгурацыі, 10 студзеня 2019

Міністэрства замежных справаў Вэнэсуэлы лічыць, што ўрады 11 лацінаамэрыканскіх краін па ўказаньні ЗША спрабуюць дэстабілізаваць палітычную сытуацыю ў Баліварыянскай Рэспубліцы з мэтай адхіленьня ад улады прэзыдэнта Нікаляса Мадура. Пра гэта гаворыцца ў заяве ведамства, якое разьмясьціў у сетцы Twitter яго кіраўнік Хорхе Арэаса.

«Баліварыянскі ўрад Вэнэсуэлы асуджае ціск групы ўрадаў-сатэлітаў, падпарадкаваных ЗША, з мэтай дэстабілізаваць сытуацыю і выкарыстоўваць яе супраць законна абраных дэмакратычных інстытутаў краіны», — адзначае МЗС.

На яго думку, кіраўніцтва Аргентыны, Бразыліі, Канады, Чылі, Калюмбіі, Коста-Рыкі, Гватэмалы, Гандурасу, Панамы, Парагваю і Перу «незаконна прымаюць на сябе паўнамоцтвы вызначаць легітымнасьць вэнэсуэльскай улады». «Вышэйназваныя ўрады аддаюць свае галасы, каб справакаваць сытуацыі ўнутрыпалітычнай нестабільнасьці, апраўдаць замежнае ўмяшаньне, да якога імкнуцца ЗША безь якіх-небудзь абгрунтаваньняў», — гаворыцца ў заяве.

Ведамства заключае, што ўлады краіны «дэталёва прааналізуюць гэткія варожыя дзеяньні і будуць прымаць рашэньні, якія гарантуюць абарону дзяржавы, яе інстытутаў і нацыянальнага сувэрэнітэту».

У мінулы чацьвер пераможца прэзыдэнцкіх выбараў у Вэнэсуэле Нікаляс Мадура ўступіў на пасаду кіраўніка дзяржавы: ён прынёс прысягу ў Вярхоўным судзе, а не ў Нацыянальнай асамблеі. Выбары прэзыдэнта Вэнэсуэлы адбыліся 20 траўня 2018 году.

ЗША лічаць інаўгурацыю Нікаляса Мадура «ўзурпацыяй улады» і будуць працягваць ўводзіць санкцыі супраць вэнэсуэльскіх урадоўцаў і іх сем’яў, замяшаных, паводле Вашынгтону, у парушэньнях правоў чалавека, карупцыі і падрыве дэмакратыі. Пра гэта сказаў у мінулы чацьвер, 10 студзеня, дзяржаўны сакратар ЗША Майкл Пампэо.

Гэтую пазыцыю падзяляюць і ў Эўразьвязе. «Мы вельмі ясна заявілі: прэзыдэнцкія выбары не былі ні свабоднымі, ні справядлівымі», — сказала афіцыйная прадстаўніца кіраўніка эўрапейскай дыпляматыі Мая Кацыянчыч у чацьвер на брыфінгу ў Брусэлі, камэнтуючы пераабраньне Мадура.

XS
SM
MD
LG