Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Масква заяўляе пра істотныя рознагалосьсі зь Японіяй у пытаньні Курылаў


Міністры замежных справаў Японіі і Расеі, Тара Кона і Сяргей Лаўроў

Міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў заявіў, што расейскі суверэнітэт над Курыльскімі астравамі не абмяркоўваецца. Паводле кіраўніка расейскага МЗС, бяз поўнага прызнаньня Японіяй вынікаў Другой сусьветнай вайны цяжка разьлічваць на рух наперад у пытаньні заключэньня мірнай дамовы паміж дзьвюма краінамі.

Такую заяву ён зрабіў 14 студзеня па выніках перамоваў з міністрам замежных справаў Японіі Тара Кона.

Паводле Лаўрова, паміж дзьвюма краінамі захоўваюцца істотныя рознагалосьсі. Кіраўнік расейскага МЗС назваў непрымальнымі заявы прэм’ер-міністра Японіі Сіндза Абэ аб тым, што жыхары Курыльскіх выспаў змогуць застацца на іх тэрыторыі пасьля пераходу пад японскую юрысдыкцыю. Таксама Лаўроў назваў абуральнымі словы дарадцы прэм’ер-міністра аб тым, што ЗША павінны падтрымаць Токіё ў перамовах аб мірнай дамове.

Японія не прызнае расейскую прыналежнасьць астравоў Ітуруп, Шыкатан, Кунашыр і Хабамаі. Яны былі акупаваныя СССР у канцы Другой сусьветнай вайны. З прычыны спрэчкі аб прыналежнасьці астравоў Расея і Японія да гэтага часу не падпісалі мірнай дамовы. У лістападзе пасьля сустрэчы Абэ з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным стала вядома, што Японія гатовая вярнуцца да дэклярацыі аб астравах з 1956 году. У ёй СССР пагаджаўся перадаць Японіі выспы Хабамаі і Шыкатан пасьля падпісаньня мірнай дамовы паміж дзьвюма краінамі.

Пазыцыя Масквы заключаецца ў тым, што выспы ўвайшлі ў склад СССР паводле вынікаў Другой сусьветнай вайны і сувэрэнітэт Расеі над імі сумневу не падлягае.

6 студзеня Абэ заявіў, што вырашыў паставіць кропку ў пытаньні аб Курыльскіх астравах. У канцы студзеня чакаецца візіт Абэ ў Расею. 14 студзеня было абвешчана, што летам Уладзімір Пуцін запрошаны ў Японію.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG