Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аб’ядналі, каб зноў падзяліць. Як у рэгіёнах выконваюць загад Лукашэнкі аб аптымізацыі чыноўнікаў


Ілюстрацыйнае фота. Будынак Магілёўскага аблвыканкаму

У мясцовых адміністрацыях зьявіліся новыя структурныя адзінкі — аддзелы і ўпраўленьні. Адбылося гэта паводле дакумэнту «для службовага карыстаньня». Свабода разьбіралася, ці прывёў гэты крок да павелічэньня колькасьці чыноўнікаў насуперак абвешчанай Аляксандрам Лукашэнкам аптымізацыі апарату?

Падчас нарады ў кіраўніка Беларусі 26 ліпеня 2018 году паведамлялася, што ў краіне праведзена «маштабная праца дзеля аптымізацыі колькасьці дзяржслужбоўцаў». Іх нібыта стала на чвэрць меней — каля 37 тысяч.

Аптымізацыя адбывалася згодна з прэзыдэнцкім указам ад 2013 году.

Аддзелы спачатку аб’ядналі, а потым падзялілі

Спачатку ў гарадзкіх і раённых выканкамах аб’ядналі аддзелы адукацыі, спорту і турызму. Аднак высьветлілася, што пасьля аб’яднаньня скарацілі толькі адну штатную адзінку, а ў цэлым штат павялічыўся. Пытаньне пра мэтазгоднасьць аб’яднаньня ўзьняла яшчэ на пасадзе віцэ-прэм’ера ў 2015 годзе Натальля Качанава.

Пазьней працэс пайшоў у адваротным кірунку. Аддзелы адукацыі, спорту і турызму пачалі дзяліць на два.

2 студзеня 2019 году Сьветлагорскі райвыканкам паведаміў ​пра зьяўленьне новых аддзелаў — адукацыі і спорту і турызму.

Скрыншот з сайту Сьветлагорскага райвыканкаму
Скрыншот з сайту Сьветлагорскага райвыканкаму

Ці прывяло гэта да павелічэньня колькасьці супрацоўнікаў? Канкрэтнага адказу ў райвыканкаме Свабодзе не далі. Паводле начальніка аддзелу арганізацыйна-кадравай працы Натальлі Фурманавай, «лімітаваная штатная колькасьць даводзіцца ўказамі прэзыдэнта, і яе мяняць мы ня маем права». Кіраўніца аддзелу адукацыі Жанна Чаркас назвала падзел «правільным».

«Колькасьць работнікаў засталася ранейшай, яна не павялічылася. Нават у нашым аддзеле колькасьць супрацоўнікаў паменшылася, нашы работнікі перайшлі ў аддзел спорту», — сьцьвярджае суразмоўца.

Аптымізацыя адбілася і на назвах структурных адзінак. Напрыклад, у Віцебскім аблвыканкаме ўпраўленьне адукацыі стала Галоўным ўпраўленьнем адукацыі. Затое аддзелы адукацыі ў Воршы і Полацку пераўтвораныя ва ўпраўленьні адукацыі. Аднак гэта, зноў жа, не адбілася на колькасьці службоўцаў, сказала карэспандэнту Свабоды начальнік аддзелу Галоўнага ўпраўленьня адукацыі Віцебскага аблвыканаму Тацяна Сакалова.

«Памянялася толькі назва. На раённым узроўні аддзялілі адукацыю ад спорту і турызму. Гэта згодна з указам прэзыдэнта. Спачатку ў 2013 годзе яны былі аптымізаваныя і зьліцьцём створаныя аддзелы адукацыі, спорту і турызму. У 2018 годзе іх падзялілі, вычленіўшы спэцыялістаў у спорце. Адукацыя зноў засталася адна. Для нас гэта, безумоўна, лепш», — сказала Тацяна Сакалова.

Указ пад грыфам «Для службовага карыстаньня»

Прадстаўніца Віцебскага аблвыканкаму не назвала ўказ, згодна зь якім адбываюцца зьмены: «Указ мае грыф „ДСК“. Я не магу яго вам агучваць».

Падчас аптымізацыі 2013 году ў Горадзенскім гарвыканкаме аб’ядналі аддзел адукацыі з аддзелам спорту і турызму. Як паведаміла Свабодзе ананімная крыніца, тады нікога ня звольнілі.

«Лішніх» бухгальтараў перавялі на пасады спэцыялістаў. Агулам аптымізацыю праводзілі за кошт звальненьня супрацоўнікаў пэнсійнага ўзросту, рознарабочых — прыкладам, адзін чалавек потым працаваў і прыбіральнікам, і дворнікам. Калі летась аддзел адукацыі, спорту і турызму зноў разьядналі, то дадалі два месцы бухгальтараў, паведаміла крыніца.

Таксама ў мясцовых адміністрацыях пачалі дзяліць на два аддзелы (упраўленьні) ідэалягічнай працы, культуры і ў справах моладзі.

«Самадзейнасьць нам не дазволеная»

Начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы Магілёўскага гарвыканкаму Міхаіл Сьвірыдзенка расказаў карэспандэнту Свабоды, што летась у выніку падзелу ўтварыліся ўпраўленьне культуры і аддзел ідэалягічнай працы і ў справах моладзі. Таксама ўпраўленьне адукацыі і аддзел спорту і турызму. Паводле Міхаіла Сьвірыдзенкі, падзел паводле кірункаў дзейнасьці адбыўся для таго, «каб імі займаліся больш глыбока».

Скрыншот з сайту Магілёўскага гарвыканкаму
Скрыншот з сайту Магілёўскага гарвыканкаму

«Аптымізацыя адбылася раней: некага вывелі зь дзяржслужбы, нехта стаў работнікам у абслугоўваньні дзяржоргана, а нехта застаўся дзяржаўным службоўцам. Адпаведна ў межах той колькасьці дзяржаўных службоўцаў у нас адбыўся падзел структурных падразьдзяленьняў. Колькасьць работнікаў не павялічылася. Таксама ня стала болей кіраўнікоў», — паведаміў Свабодзе магілёўскі чыноўнік.

Паводле яго, колькасьць службоўцаў лімітаваная як для гарвыканкаму, так і для адміністрацыі раёнаў.

«Мы можам рабіць нейкія зьмены ўнутры, але ў межах вызначанай колькасьці. Можа быць, напрыклад, такое: нехта быў „галоўным спэцыялістам“, а стаў проста „спэцыялістам“. Самадзейнасьць нам не дазволеная. Калі мы нешта хочам зьмяніць, то павінны падымаць гэтае пытаньне на ўзроўні аблвыканкаму для абмеркаваньня і потым для прыняцьця рашэньня. Калі, напрыклад, мы хочам адзінку перадаць з адной структуры ў другую. Тут вельмі жорстка», — расказаў Сьвірыдзенка.

Цяпер ва ўпраўленьні культуры Магілёўскага гарвыканкаму пяцёра дзяржслужбоўцаў, да аптымізацыі было да 35 чалавек, сказала намесьніца начальніка ўпраўленьня Марына Клепчукова. Разам з тым у 2016 годзе Магілёўскі гарвыканкам прызначыў дырэктара гарадзкой арганізацыі па забесьпячэньні функцыянаваньня ўстаноў культуры.

Паводле Марыны Клепчуковай, гэта падначаленая арганізацыя, куды скарочаныя ў выніку аптымізацыі чыноўнікі ня трапілі.

Зьмянілася структура і ў аблвыканкамах

Адбыліся перамены і ў структуры некаторых аблвыканкамаў. Аднак там кажуць, што колькасьць супрацоўнікаў не павялічылася, а наадварот, скарацілася. Як паведамілі Свабодзе ў Горадзенскім аблвыканкаме, наогул ад пачатку аптымізацыі тут колькасьць службоўцаў скарацілася на 30%.

Летась мэдыя заўважылі, што на сайце Гомельскага аблвыканкаму ня стала ўпраўленьня энэргетыкі, паліва, транспарту і камунікацый.

Як сказала карэспандэнту Свабоды намесьніца начальніка галоўнага ўпраўленьня арганізацыйна-кадравай працы Тамара Лукьяненка, цяпер «яны ўваходзяць як асобны аддзел у камітэт эканомікі».

У Віцебскім аблвыканаме летась у выніку падзелаў створана ўпраўленьне культуры і галоўнае ўпраўленьне ідэалягічнай працы і ў справах моладзі (раней яны былі разам).

Скрыншот з сайту Віцебскага аблвыканкаму
Скрыншот з сайту Віцебскага аблвыканкаму

Кіраўнік упраўленьня ідэалягічнай працы і ў справах моладзі Генадзь Ягораў сказаў карэспандэнту Свабоды, што «гэта зроблена ў рамках аптымізацыі, не выходзячы за ранейшую колькасьць службоўцаў».

«Проста падзялілі на два ўпраўленьні. Колькасьць супрацоўнікаў нават паменшылася. Тут проста падзеленыя функцыі, нічога асаблівага не адбылося. Упраўленьне культуры будзе займацца культурай», — сказаў віцебскі чыноўнік.

Як у Беларусі «аптымізоўвалі» дзяржаўны апарат. Год за годам

Сьнежань 2011 году. Прынятая пастанова ўраду аб скарачэньні на працягу 2012 году колькасьці апарату Савету Міністраў на 20%.

Красавік 2013 году. Падчас традыцыйнага пасланьня народу і парлямэнту Аляксандар Лукашэнка заявіў пра аптымізацыю дзяржаўнага апарату. Яна павінна была закрануць 13 617 чыноўнікаў. Пад скарачэньне мусілі трапіць цэнтральныя органы ўлады — мінус 25%, аблвыканкамы — на 29%, райвыканкамы — на 17%.

Агулам гаворка ішла пра скарачэньне на 25% дзяржаўнага апарату.

2014 год. Аляксандар Лукашэнка казаў, што дзяржаўны апарат можна скараціць у два разы.

2015 год. Кіраўнік дзяржавы патрабаваў скараціць чыноўнікаў яшчэ на 10%. «Дзяржаўны апарат павінен стаць нешматлікім, добра аплатным і высокапрафэсійным».

2016 год. Лукашэнка сказаў, што «лішнія чыноўнікі, якія часам блытаюцца адзін у аднаго пад нагамі — гэта шкода», і заявіў пра скарачэньне дзяржаўнага апарату на 33-35%. Дзяржаўны апарат пасьля такіх зьменаў павінен быў стаць «самым мінімальным і аптымальным у сьвеце».

2017 год. На нарадзе аб аптымізацыі дзяржслужбоўцаў Лукашэнка заявіў: «Трэба адсекчы ўсё лішняе, што спараджае бюракратыю і замінае дынамічнаму разьвіцьцю краіны».

2018 год. Аб’яднаныя раней аддзелы райвыканкамаў зноў падзялілі і стварылі новыя.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG