У Берасьці абвясьцілі прысуд 34-гадоваму грамадзяніну Расеі, які абвінавачваўся ў незаконным захоўваньні, перавозцы і перамяшчэньні празь мяжу какаіну.
Летась прадпрымальнік з Расеі, які жыве ў Маскоўскай вобласьці, вяртаўся на аўтамабілі з Эўропы праз Беларусь. Падчас надгляду ў пункце пропуску «Брэст» на польска-беларускай мяжы ў яго знайшлі крыху больш за адну сотую граму какаіну. Мужчыну затрымалі і распачалі крымінальную справу.
У судзе абвінавачваны прызнаў віну. Ён паведаміў, што за мяжой ужываў наркотыкі і перад перасячэньнем мяжы «забыўся выкінуць» рэшткі.
«Суд Маскоўскага раёну Берасьця прызнаў мужчыну вінаватым у незаконным захоўваньні і перавозцы асабліва небясьпечнага наркатычнага сродку, а таксама ў яго незаконным перамяшчэньні празь мяжу», — паведаміў TUT.BY берасьцейскі транспартны пракурор Валеры Каралюк.
Абвінавачанаму прысудзілі пяць гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Аўтамабіль коштам больш за 39 тысяч беларускіх рублёў канфіскаваны як сродак зьдзяйсьненьня злачынства.
Прысуд не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны.