Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Францыі аднавіліся акцыі «жоўтых камізэлек», Парыж рыхтуецца да масавых беспарадкаў


Пратэсты ў Парыжы на тле муралу "Марсэльеза"
Пратэсты ў Парыжы на тле муралу "Марсэльеза"

У Францыі дзявятую суботу запар праходзяць акцыі «жоўтых камізэлек», якія выступаюць супраць палітыкі прэзыдэнта краіны Эманюэля Макрона і дзеючага ўраду. У Парыжы 12 студзеня некалькі сотняў пратэстоўцаў сабраліся каля міністэрства фінансаў.

У першай палове дня ў сталіцы Францыі паліцыя затрымала 30 чалавек паводле падазрэньня ў незаконным нашэньні зброі і падрыхтоўцы да ўдзелу ў пагромах, паведамляе RFI.

У Парыжы ўлады рыхтуюцца да масавых беспарадкаў: на вуліцы сталіцы могуць быць выведзеныя 14 браніраваных машын жандармэрыі. На распараджэньне прэфэктуры паліцыі зачыненыя дзесяць станцыяў мэтро і прыгарадных электрычак. У праваахоўных органах таксама адзначылі, што ў выпадку пратэставых акцыяў рух можа быць перакрыты ў раёне Елісейскіх палёў і Луўру. Супраць маніфэстантаў, якія спрабавалі прарваць кардон паліцыі, быў ужыты сьлезацечны газ.

Выступы «жоўтых камізэлек» праходзяць таксама ў Буржы, які пратэстоўцы назвалі «геаграфічным цэнтрам» Францыі.

Напярэдадні, 11 студзеня, міністар унутраных справаў Францыі Крыстоф Кастанэр заявіў, што ўдзельнікі акцыяў, якія скончацца сутыкненьнямі з паліцыяй, будуць лічыцца саўдзельнікамі пагромшчыкаў і радыкальна настроеных пратэстоўцаў. «Тыя, хто выходзяць на вуліцы ў тых гарадах, дзе мітынгі, верагодна, скончацца беспарадкамі, павінны ведаць, што яны зьяўляюцца саўдзельнікамі [злачынстваў] і таксама панясуць адказнасьць за тое, што адбываецца», — адзначыў кіраўнік МУС у відэазвароце. Ён таксама нагадаў, што, згодна з францускім заканадаўствам, любая акцыя пратэсту павінна быць загадзя задэкляраваная ў прэфэктуры.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG