Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнтам Сусьветнага банку можа стаць дачка Дональда Трампа


Дональд Трамп са сваімі дзецьмі. Пасярэдзіне - Іванка Трамп

Імя дачкі прэзыдэнта ЗША Іванкі Трамп, якая працуе кансультантам у Белым Доме, называецца сярод прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта Сусьветнага банку, паведамляе Business Insider.

Цяперашні кіраўнік міжнароднай фінансавай арганізацыі Джым Ен Кім сыходзіць у адстаўку 1 лютага. Паводле Financial Times, сярод іншых кандыдатаў на гэтую пасаду, акрамя Іванкі Трамп — былы сталы прадстаўнік ЗША пры ААН Нікі Хэйлі, намесьнік міністра фінансаў ЗША Дэвід Малпас, дырэктар Агенцтва міжнароднага разьвіцьця ЗША Марк Грын.

Іванка Трамп скончыла эканамічную школу Пэнсыльванскага унівэрсытэту, працавала топ-мэнэджэрам у буйных карпарацыях Forrest City і Dynamic Diamond Corp, была ўладальніцай ўласнай кампаніі, якую летась закрыла. Таксама яна займала пасаду віцэ-прэзыдэнта ў The Trump Organization.

Сусьветны банк — міжнародная фінансавая структура, якая базуецца ў Вашынгтоне. Была заснаваная пасьля другой сусьветнай вайны дзеля арганізацыі фінансавай і тэхнічнай дапамогі краінам разьвіцьця. Зазвычай на гэтую пасаду вылучаецца грамадзянін ЗША.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG