Палата прадстаўнікоў ЗША, большасьць у якой належыць дэмакратам, прагаласавала ў пятніцу за аднаўленьне фінансаваньня некаторых фэдэральных агенцтваў, закрытых прэзыдэнтам Дональдам Трампам падчас канфлікту вакол пытаньня аб фінансаваньні будаўніцтва муру на мяжы зь Мэксыкай. У пятніцу 11 студзеня прыкладна 800 тысяч дзяржаўных службоўцаў засталіся без заробку.
Аднак, пэрспэктывы поўнага аднаўленьня рпрацы дзяржаўных установаў пакуль імглістыя, піша Reuters. Законапраект, прапанаваны ў пятніцу дэмакратамі ў Палаце прадстаўнікоў, быў ухвалены 240 галасамі супраць 179. Гэта дазволіць аднавіць фінансаваньне толькі некаторых міністэрстваў, якія не атрымлівалі фінансаваньня ад 22 сьнежня 2018 году.
Дональд Трамп, перад пэрспэктывай пагрозы самага працяглага ў гісторыі ЗША закрыцьця ўраду, папярэдзіў, што можа абвясьціць надзвычайнае становішча на фэдэральным узроўні для атрыманьня фінансаваньня на будаўніцтва памежнага муру. Менавіта мур на мяжы зь Мэксыкай быў ягоным галоўным перадвыбарчым абяцаньнем. Аднак дэмакраты ў такім выпадку хутчэй за ўсё пададуць у суд на Трампа, паведамляюць амэрыканскія СМІ.