Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд у Францыі вынес прысуд расейскаму мастаку-пэрформэру Паўленскаму


Пётар Паўленскі, 2016 год

Суд у сталіцы Францыі Парыжы асудзіў расейскага мастака-акцыяніста Пятра Паўленскага на тры гады турмы, два зь якіх — умоўныя. Прысуд тычыцца справы аб падпале дзьвярэй Банку Францыі 16 кастрычніка 2017 году.

Неўзабаве мастак выйдзе на волю, бо адбыў большую частку тэрміну пад арыштам.

Ягоная паплечніца Аксана Шалыгіна атрымала два гады турмы, зь іх 16 месяцаў — умоўна. Яна ня будзе адбываць турэмнага зьняволеньня.

Асуджаныя павінны выплаціць штраф.

Пракуратура патрабавала прысудзіць Паўленскаму чатыры гады турмы (1,5 года зь іх умоўна).

У лютым 2018-га Пётар Паўленскі сказаў у інтэрвію Радыё Свабода, што падпаліў Банк Францыі, таму што ён «застаецца сымбалем акупацыі для Парыжа» і «трывалым сымбалем прыгнёту ўсіх рэвалюцыйных пачынаньняў».

Падпал ня першая акцыя Паўленскага. У 2012 годзе ён выйшаў на публіку з зашытым ротам у знак салідарнасьці з удзельніцамі панк-групы Pussy Riot. У 2013 годзе прыбіў сваю машонку да бруку на Краснай плошчы ў Маскве. У кастрычніку 2014-га Паўленскі адрэзаў сабе мочку вуха, седзячы на даху інстытута імя Сэрбскага ў Маскве ў знак пратэсту супраць карнай псыхіятрыі. У лютым 2014 правёў акцыю «Свабода» ў падтрымку ўкраінскага Майдану.

У лістападзе 2015 г. мастак-акцыяніст Пётар Паўленскі падпаліў дзьверы будынка ФСБ у Маскве. Ён назваў гэтую акцыю «пальчаткай, якую кідае грамадзтва ў твар тэрарыстычнай пагрозе», якая, на яго думку, паходзіць ад ФСБ. Суд аштрафаваў Паўленскага на паўмільёна расейскіх рублёў, прызнаўшы яго вінаватым у пашкоджаньні «аб’екта культурнай спадчыны».

У студзеня 2017-га стала вядома, што Паўленскі эміграваў з Расеі ў Францыю. У траўні агенцтва France Press паведаміла, што мастак атрымаў у Францыі палітычнае прыстанішча.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG