Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму беларусы бяруць крэдыты на жыльлё пад 16% і калі стаўка апусьціцца да 2%


Будаўніцтва жыльля, ілюстратыўнае фота

Беларусы працягваюць браць крэдыты на жыльлё, нягледзячы на рост працэнтных ставак. За мінулы год запазычанасьць па такіх крэдытах вырасла з 6,5 да 7,1 мільярда рублёў, або да 3,3 мільярда даляраў. Пра рост сьведчыць статыстыка Нацбанку. Свабода разабралася, чаму жыльлё ў крэдыт мае такую папулярнасьць сярод беларусаў.

Стаўкі растуць, тэрміны крэдытаваньня зьмяншаюцца

За мінулы год, нягледзячы на зьніжэньне стаўкі рэфінансаваньня да 10%, стаўкі па жыльлёвых крэдытах, наадварот, расьлі. Па падліках Паўла Кузьняцова, старшыні праўленьня кампаніі «Пакодан», якая займаецца нерухомасьцю, у сярэднім стаўкі вырасьлі на 1–1,5%. Цяпер пазычыць у банкаў на будоўлю ці куплю жыльля можна пад 15,5–16% гадавых. Пры гэтым зьмяніліся тэрміны выдачы крэдыту.

«У другой палове году банкі пачалі ўздымаць стаўкі і скарачаць тэрмін крэдытаваньня. Сьпярша гэта было 20 гадоў, пасьля 15 гадоў, пасьля да 10 гадоў сталі разглядаць. А скарачэньне тэрмінаў крэдытаваньня прыводзіць да росту штомесячных плацяжоў», — кажа Павал Кузьняцоў.

На гэты год Нацбанк прагназуе далейшае зьніжэньне стаўкі рэфінансаваньня — да 9,5%. Але жыльлёвыя крэдыты ад гэтага не патаньнеюць, упэўненая фінансавы кансультант кампаніі «Форэкс Оптымум» Жанна Кулакова.

​«Стаўкі на рынку крэдытаў на нерухомасьць залежаць ня толькі ад стаўкі рэфінансаваньня, але і ад уласных сродкаў банкаў. Тэндэнцыя да росту ставак па жыльлёвых крэдытах захаваецца і ў гэтым годзе, бо папулярнасьць крэдытаў не зьніжаецца», — кажа Кулакова.

«Высокія стаўкі па крэдытах не пужаюць, бо іншага выйсьця няма»

Нават працэнтныя стаўкі па жыльлёвых крэдытах у 15–16% гадавых не пужаюць беларусаў, бо няма іншай магчымасьці займець сваё жыльлё, тлумачыць Жанна Кулакова.

«Рэдка хто ў стане аплаціць куплю жыльля бязь нейкіх дадатковых рэсурсаў. Стаўкі па крэдытах растуць, але іх узровень задавальняе частку патэнцыйных пакупнікоў. Але крэдытныя рэсурсы ў Беларусі застаюцца дарагімі. Пры гэтым, калі параўноўваць стаўкі з тымі, што былі пяць гадоў таму, розьніца відавочная», — зьвяртае ўвагу фінансавы кансультант.

На фоне росту попыту на жыльлёвыя крэдыты два банкі наагул перасталі іх выдаваць. Беларусбанк спыніў выдачу крэдытаў на куплю жыльля да канца студзеня. Засталіся толькі крэдыты на будоўлю жыльля. «БПС-Сбербанк» прыпыніў выдачу крэдытаў як на будоўлю жыльля, так і на куплю ў сувязі зь «неабходнасьцю комплекснага перагляду працэнтных ставак па шэрагу крэдытаў».

Калі ўжо будуць крэдыты пад 2%?

Крэдыты ў Беларусі значна даражэйшыя, чым у суседніх краінах. Напрыклад, у Літве жыльлё можна пабудаваць ці набыць у крэдыт пад 2–4% гадавых у залежнасьці ад тэрміну дзеяньня крэдыту. У Польшчы і Латвіі жыльлёвыя крэдыты можна аформіць пад 4–7% гадавых. У Беларусі такія нізкія стаўкі па крэдытах, паводле экспэртаў, пакуль немагчымыя, бо:

  • Усе крэдыты прывязаныя да стаўкі рэфінансаваньня, якая цяпер роўная 10%.
  • Каб былі танныя крэдыты, патрэбныя рэсурсы для банкаў, у тым ліку міжнародныя.
  • Патрэбны ўстойлівы курс нацыянальнай валюты і нізкая інфляцыя.

«Каб былі крэдыты пад 2%, патрэбна, каб інфляцыя была 1%, а стаўка рэфінансаваньня — 1,5%. Наўрад ці мы пабачым такія працэнты ў бліжэйшыя гады. У Нацбанку цяпер стаіць амбітная задача забясьпечыць інфляцыю на ўзроўні 5%. А чым ніжэйшая інфляцыя, тым складаней яе зьніжаць далей. Інфляцыйныя чаканьні таксама ў Беларусі вышэйшыя, чым ёсьць насамрэч», — падсумоўвае старшы фінансавы аналітык «Альпары» Вадзім Іосуб.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG