Кіраўнік апарату Міністэрства абароны ЗША контр-адмірал Кэвін Суіні падаў у адстаўку, паведамілі ў Пэнтагоне.
Суіні займаў гэтую пасаду са студзеня 2017 года.
«Пасьля двух гадоў у Пэнтагоне я вырашыў, што прыйшоў час вярнуцца ў прыватны сэктар. Для мяне было вялікім гонарам зноў служыць сярод мужчын і жанчын Міністэрства абароны», — гаворыцца ў заяве Суіні.
Адстаўцы Суіні папярэднічаў сыход некаторых іншых высокапастаўленых супрацоўнікаў абароннага ведамства.
Міністар абароны Джэймс Мэтыс, у падначаленьні ў якога працаваў Суіні, сышоў са сваёй пасады ў пачатку гэтага месяца.
Мэтыс абвясьціў аб адстаўцы ў канцы сьнежня, неўзабаве пасьля таго, як прэзыдэнт Дональд Трамп заявіў, што ЗША выведуць з Сірыі каля двух тысяч вайскоўцаў. У сваім лісьце, у якім ён не згадаў Трампа па імені, Мэтыс адзначыў сур’ёзную розьніцу ў поглядах паміж ім і прэзыдэнтам, у прыватнасьці па пытаньні аб значэньні саюзьнікаў і выкарыстаньні амэрыканскай моцы.
Прэс-сакратар Пэнтагона Дана Уайт таксама падала ў адстаўку, пакінуўшы міністэрства ў канцы сьнежня.
Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў