Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка стварыў у Аршанскім раёне ўнутраны афшор. Што гэта значыць?


Аляксандар Лукашэнка ў час наведваньня Аршанскага інструмэнтальнага завода, 13 жніўня 2018 году

Прадпрыемствы будуць менш плаціць у пэнсійны фонд, іх вызваляць ад сплаты падаткаў на дададзеную вартасьць, на ўвоз новага абсталяваньня.

Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ «Аб разьвіцьці Аршанскага раёну Віцебскай вобласьці», які прадугледжвае істотныя льготы для прадпрыемстваў у гэтым раёне, паведамляе сайт кіраўніка краіны.

На тэрыторыі раёну будуць дзейнічаць асаблівыя падатковыя ўмовы як для наваствораных прадпрыемстваў, так і для тых, якія ўжо існуюць.

Арганізацыі ня будуць плаціць падатак на дададзеную вартасьць пры ўвозе новага абсталяваньня, будуць зьменшаныя адлічэньні ў пэнсійны фонд, падатак пры спрошчанай сыстэме падаткаабкладаньня складзе 1%.

Аршанскі райвыканкам будзе мець права распараджацца неэфэктыўнай маёмасьцю, да 2022 году на тэрыторыі раёну ўводзіцца мараторый на правядзеньне выбарачных праверак.

Прадпрыемствы раёну будуць адлічваць у ФСАН толькі 24% фонду аплаты працы на супрацоўніка — замест 35%. Такія падрабязнасьці паведамляе са спасылкай на інфармаваную крыніцу выданьне Office life. Кампаніі раёну вызваляць ад сплаты дзяржпошліны за дазвол на працу для замежнікаў, арэнда зямлі для інвэстараў будзе каштаваць на чвэрць менш, чым у іншых раёнах.

Афшор замест Свабоднай эканамічнай зоны?

Афшор — гэта краіна ці тэрыторыя з асаблівымі ўмовамі вядзеньня бізнэсу для замежных кампаніяў. Фактычна гэтым указам ствараецца ўнутраны афшор з ільготнымі ўмовамі як для беларускіх кампаніяў, так і для замежных інвэстараў.

З 1996 году ў Беларусі пачалі ўзьнікаць Свабодныя эканамічныя зоны, якім таксама надаваліся льготы і прэфэрэнцыі. Калі ў Свабоднай эканамічнай зоне льготы даюцца кампаніям на вядзеньне дзейнасьці ў гэтай зоне, то ў афшоры — і за яго межамі (напрыклад, ільготы на пастаўку абсталяваньня). Таксама ў афшоры кампаніі ня мусяць рэгістравацца як рэзыдэнты.

Па дадзеных Мінэканомікі, такіх зон у Беларусі шэсьць, на сакавік 2017 году яны налічвалі 410 кампаній-рэзыдэнтаў. Усе прадпрыемствы-рэзыдэнты СЭЗ вызваляюцца ад падатку на нерухомасьць на 3 гады, ад падатку на прыбытак — цягам 10 гадоў (пасьля чаго прымяняецца паніжаная стаўка — 50%), ад зямельнага падатку — на 5 гадоў.

Меры пасьля «разносу ў Воршы»?

Летась у жніўні Аляксандар Лукашэнка ўчыніў разнос чыноўнікам за невыкананьне ягоных даручэньняў па разьвіцьці Аршанскага раёну. Анатоль Чорны і Віталь Воўк былі зьнятыя з пасадаў міністра архітэктуры і будаўніцтва і міністра прамысловасьці адпаведна, а пасьля быў заменены амаль увесь урад. Сваю пасаду захаваў толькі віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG