Пад заваламі разбуранага жылога дома ў расейскім Магнітагорску загінула ўраджэнка Беларусі.
Імя Вольгі Анісімавай значыцца ў сьпісе МНС Расеі, складзеным 31 сьнежня. Там гаворыцца, што яна нарадзілася 25 жніўня 1923 году ў вёсцы Базок Асіповіцкага раёну Магілёўскай вобласьці. Ад восені 2010-га яна пражывала ў Магнітагорску.
Паводле стану на 09.00 3 студзеня паводле мясцовага часу паведамілі новую лічбу загінулых, якіх знайшлі пад заваламі жылога дома, дзе 31 сьнежня адбыўся выбух: згодна зь цяперашнімі паведамленьнямі, знойдзена 37 целаў.
Сваякі апазналі 22 загінулых з 37, паведаміў прадстаўнік прэс-службы МНС па Чалябінскай вобласьці.
Невядомым застаецца лёс яшчэ чатырох чалавек. Выратавальныя работы працягваюцца безь перапынку; шанцаў выявіць жывых у час, калі маразы ўначы дасягаюць 20 градусаў, практычна няма. 1 студзеня, прыкладна праз 35 гадзінаў пасьля выбуху, ратавальнікі знайшлі жывым 11-месячнага хлопчыка; цяпер сярод загінулых шасьцёра дзяцей.