Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іншаземцам у Беларусі дазволілі рэгістравацца праз інтэрнэт — цяпер без электроннага подпісу


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Ад 2 студзеня 2019 году запрацавала электронная рэгістрацыя іншаземцаў, якія часова знаходзяцца ў Беларусі, празь дзяржаўны партал электронных паслуг, старонку portal.gov.by, паведамляе Міністэрства ўнутраных спраў.

Рэгістравацца трэба тым, хто застаецца больш як на 5 працоўных дзён (але зрабіць гэта ў першыя 5 дзён). Паслуга цяпер бясплатная, ад 2 студзеня не патрэбен электронны подпіс, атрыманьне якога платнае.

Электонная паслуга даступная тым, хто трапіў у краіну праз пункты пропуску празь дзяржаўную мяжу, але ня тым, хто прыехаў празь мяжу з Расеяй (апошнім трэба асабіста прыходзіць у аддзел грамадзянства і міграцыі).

Для электроннай рэгістрацыі ў краіне трэба завесьці акаўнт на партале (або папрасіць таго, хто мае акаўнт, увайсьці на партал), знайсьці ў разьдзеле (найпрасьцей — праз радок пошуку) пункт «Рэгістрацыя замежнага грамадзяніна або асобы без грамадзянства, якія часова знаходзяцца ў Рэспубліцы Беларусь» («Registration of a foreign citizen or stateless person temporarily staying in the Republic of Belarus»). Код паслугі — 200.12.14.1.

Каб зарэгістраваць іншаземца, які здымае ў беларуса жытло, трэба знайсьці пункт «Перадача інфармацыі аб замежных грамадзянах і асобах без грамадзянства, якія часова знаходзяцца ў Рэспубліцы Беларусь». Код паслугі — 3.29.01.

Партал электронных паслуг даступны на расейскай мове, часткова на беларускай і часткова на ангельскай. У выпадку, калі нешта не спрацоўвае на сайце, па-ранейшаму можна асабіста зьвярнуцца ў аддзел грамадзянства і міграцыі.

За парушэньні, зьвязаныя з рэгістрацыяй, пагражае папярэджаньне, штраф да 20 базавых велічынь або дэпартацыя. Тэрмін знаходжаньня без рэгістрацыі абяцаюць у хуткім часе падоўжыць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG